Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў у Менску — праездам у Парыж


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей, архіўнае фота
Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей, архіўнае фота
Міністр замежных спраў Ўладзімер Макей, выйшаўшы да журналістаў пасьля сумеснага пасяджэньня калегіяў МЗС Беларусі і Расеі, сказаў, што ён і ягоны расейскі калега Сяргей Лаўроў дасягнулі «абсалютна поўнага паразуменьня па ўсіх пытаньнях». Ні Макей, ні Лаўроў пра эканамічныя спрэчкі паміж Менскам і Масквой у сваіх кароткіх выступах ня згадвалі.

Уладзімер Макей заявіў пра адсутнасьць разыходжаньняў у зьнешняй палітыцы паміж Масквой і Менскам:

«Мы прытрымліваемся абсалютна адзіных падыходаў на міжнароднай арэне.

У нас няма ніякіх прынцыповых рознагалосьсяў і нават нейкіх праблемных невялікіх пытаньняў. Хачу сказаць, што нават за два з паловай месяцы, якія я знаходжуся на гэтай пасадзе, мы сустракаемся зь Сяргеем Віктаравічам ужо трэці раз, у тым ці іншым фармаце. Шчыльна абмяркоўваем парадак дня нашага ўзаемадзеяньня. І зноў жа знаходзім абсалютна поўнае паразуменьне па ўсіх пытаньнях».

Сяргей Лаўроў таксама казаў пра поўнае ўзаемаразуменьне:

«Хачу далучыцца да гэтых словаў. Мы вельмі задаволеныя вынікамі сёньняшняга пасяджэньня. Гэта вельмі эфэктыўная пляцоўка па выпрацоўцы ўзгодненых крокаў па розных зьнешнепалітычных пытаньнях. Гэты мэханізм карыстаецца падтрымкай вышэйшага кіраўніцтва нашых дзяржаў. І падтрымка нашай зьнешнепалітычнай каардынацыі з боку двух прэзыдэнтаў была толькі што зноў пацьверджаная падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам».

Між тым яшчэ ў лютым 2011 году той жа Сяргей Лаўроў заяўляў: «Расея не зьбіраецца заплюшчваць вочы на праблему правоў чалавека ў Беларусі». Што ж вымусіла расейскага міністра забыцца пра гэтыя словы? Такое пытаньне я задаў сёньня галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венедыктаву. Ён прыляцеў у Менск у групе суправаджэньня Сяргея Лаўрова:

Аляксей Венедыктаў
Аляксей Венедыктаў
«А вось сёньня новы міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што ў Беларусі і Расеі аднолькавыя праблемы. І яны заключаюцца ў тым, што краіны Захаду атакуюць і Расею, і Беларусь якраз па тэматыцы правоў чалавека. І таму трэба даць сумесны адпор. Я быў на гэтай сустрэчы і пабачыў, што наш міністар гэтаму не супярэчыў. Адзінае, што ён дадаў, — што гэта трэба рабіць праз сэсію Генасамблеі ААН і праз АБСЭ.

Аднак сам факт таго, што беларускі бок падрыхтаваў гуманітарны парадак дня сёньняшняй сустрэчы — супраца ў ААН і АБСЭ, фальсыфікацыя гісторыі Другой усясьветнай вайны і цэнзура ў інтэрнэце — а наш міністар гэтаму не пярэчыў, — значыць: сапраўды інтарэсы Расеі і Беларусі ў гэтай, скажам так, гуманітарна-палітычнай галіне супадаюць. Гэта азначае, што не Беларусь у сваіх поглядах набліжаецца да Расеі, а Расея набліжаецца да Беларусі. Не Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка набліжаецца да Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна, а наш прэзыдэнт да вашага.
Не Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка набліжаецца да Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна, а наш прэзыдэнт да вашага

І сёньняшні візыт паказвае таксама, што беларускі бок меней цікавіцца эканамічнымі праблемамі (яны, мабыць, вырашаюцца ў апэратыўным парадку), а больш цікавіцца зьнешнепалітычнымі праблемамі. Менск і Масква каардынуюць гэтую палітыку. І прадстаўляюць Расею ў выглядзе своеасаблівага шчыта для таго, што адбываецца ў Беларусі».

Я зьвярнуў увагу таксама на тое, што сёньня Сяргея Лаўрова суправаджаў як ніколі раней вялікі дэсант расейскіх журналістаў і супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў. Высьветлілася, аднак, што іх цікавіць не Беларусь. Зь Менску яны адразу паляцелі ў Парыж. Там сёньня і заўтра пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў і абароны Францыі і Расеі. А Менск аказаўся проста прамежкавым пунктам паміж Масквой і Парыжам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG