Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі Клюб каталіцкай інтэлігенцыі: Беларусам бракуе салідарнасьці


Сябры Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі падчас дыскусіі пра беларуска-польскія адносіны
Сябры Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі падчас дыскусіі пра беларуска-польскія адносіны

На запрашэньне Рады беларускай інтэлігенцыі Беларусь наведалі сябры Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі з Польшчы. Для гасьцей арганізавалі культурна-азнаямленчую праграму, адбылася дыскусія на тэму пэрспэктываў беларуска-польскіх адносінаў, госьці сустрэліся з навучэнцамі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Якой убачылі Беларусь геаграфічныя суседзі?

Клюб каталіцкай інтэлігенцыі вось ужо больш за паўстагодзьдзя застаецца адной з самых аўтарытэтных арганізацыяў Польшчы. Ён узьнік яшчэ ў сярэдзіне 1950-х, і з важнай для каталіцкай краіны ініцыятывай зьмірылася нават тагачаснае прамаскоўскае кіраўніцтва. Дарэчы, сузаснавальнікам клюбу быў дысыдэнт Тадэвуш Мазавецкі, які пры канцы 1980-х стаў першым прэм’ер-міністрам у посткамуністычным урадзе Польшчы. За прамінулы час да дзейнасьці арганізацыі ў той ці іншай ступені мелі датычнасьць практычна ўсе выбітныя асобы краіны.

Нягледзячы на шчыльныя стасункі зь беларускімі няўрадавымі аб’яднаньнямі, бальшыня цяперашніх чальцоў Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі Беларусь наведала ўпершыню. Кароткага знаёмства з рэаліямі краіны-суседкі хапіла, каб зрабіць несуцяшальную выснову: людзям трэба змагацца, каб беларусамі звацца. Асаблівая роля ў працэсе адраджэньня нацыі павінна была б належаць якраз інтэлігенцыі, але яна ў Беларусі падзеленая паводле ідэалягічнай прыкметы.

Старшыня клюбу Ёана Сьвяціцкая: «Падобная сытуацыя для палякаў, мабыць, больш зразумелая, чым для іншых эўрапейцаў. Тут нават можна знайсьці пэўныя аналёгіі: і ў ХІХ стагодзьдзі, і ў першай палове ХХ стагодзьдзя таксама было змаганьне за мову — вучоба на роднай мове была ўчынкам. Палякі выхаваныя на літаратуры Стэфана Жэромскага, Адама Міцкевіча, якія сьцьвярджалі: мова — асноўны чыньнік, самая важная рэч, каб сябе ўсьведамляць прадстаўніком той ці іншай нацыі. Але калі мы гаворым пра ХХІ стагодзьдзе, то гэта сапраўды моцна ўражвае і зьдзіўляе. Перадусім тое, што ў сваёй краіне трэба змагацца за мову, а каб гаварыць на ёй, трэба рабіць нейкі гераічны ўчынак. Інтэлігенцыя — гэта душа народу, яна павінна ўсе здабыткі несьці далей, разумець сваю місію. Але калі інтэлігенцыя траціць сваю мову, губляе яе — гэта трагедыя, гэта надзвычай цяжкая сытуацыя, якую трэба пераадольваць».

Ёана Сьвяціцка, старшыню клюбу інтэлігенцыі каталіцкай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00

Ці не найбольшым уражаньнем для польскіх гасьцей стала наведваньне «партызанскай школы» — так сваю ўстанову ахрысьцілі самі навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. У 2013-м споўніцца 10 гадоў ад моманту, калі на загад Міністэрства адукацыі ліцэй быў зьліквідаваны, але дзейнасьці не спыніў. Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі і нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас падчас дыскусіі на тэму беларуска-польскіх стасункаў падкрэсьліў: у свой час Польшча мела значную маральную і матэрыяльную падтрымку міжнароднай супольнасьці, што прысьпешыла яе дэмакратызацыю. Цяпер у гэтай ролі выступае беларускі народ:

«У свой час міжнародная дапамога Польшчы прывяла да канкрэтных вынікаў. Цяпер мы таксама шукаем дапамогі і лічым, што гэтую дапамогу трэба прымаць дзеля вырашэньня надзённых праблемаў. І сапраўды, існуюць праграмы польскага ўраду (міжнародная праграма так і называецца — „Polska pomoc“), яны забясьпечваюць неабходную падтрымку, і знайсьці яе можна. Але не абыходзіцца без непаразуменьняў. У мяне асабіста была, скажам так, своеасаблівая гутарка з адной з асобаў, якая рэальна вырашае, прымае рашэньні па такой дапамозе. І калі я гэтаму кіраўніку адной з фундацый пачаў казаць, што нам вельмі важна ўтрымаць ліцэй, захаваць гэтую ўнікальную ўстанову, той, у сваю чаргу, адказаў: а мне вельмі важна зрабіць дэмакратыю ў Беларусі. То бок ёсьць нейкія вось такія абстрактныя падыходы да дапамогі, а мы хоць займаемся канкрэтнай справай, але не заўсёды можам знайсьці паразуменьне».

Кіраўніцтва Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі паабяцала максымальна спрыяць ліцэістам, бо лічыць ненармальнай зьявай, калі ў ХХІ стагодзьдзі, каб навучацца на роднай мове, трэба сыходзіць у падпольле. Што да пэрспэктываў у маштабах краіны, то старшыня клюбу Ёана Сьвяціцкая называе галоўную ўмову для магчымасьці зьменаў у дэмакратычным кірунку:
Людзі павінны падтрымліваць адзін аднаго, мець супольны інтарэс, супольную мэту. І за гэта змагацца

«У гісторыі, вядома, здараюцца выпадкі, калі ўлады, калі тыя, хто наверсе гэтай уладнай піраміды, аддаюць гэтую ўладу нізам, народу. Але гістарычны досьвед сьведчыць, што гэта бывае надзвычай рэдка. Таму ў іншых выпадках павінна быць самае галоўнае: гэта салідарнасьць, гэта грамадзкая супольнасьць. Людзі павінны падтрымліваць адзін аднаго, мець супольны інтарэс, супольную мэту. І за гэта змагацца».

Спадарыня Сьвяціцкая засмучаная, што пакуль людзкой салідарнасьці няма нават на побытавым узроўні. Прыкладам, той жа Менск, па якім для палякаў наладзілі аглядную экскурсію, з маўклівай згоды гараджанаў паступова пераўтвараецца ў навабуд, муляж «пад старыну»:

«Вялікае ўражаньне — тое, што ў Менску зусім мала засталося сьведчаньняў гісторыі гораду. Шмат што разбурана, і падчас экскурсіі толькі расказваюць, што калісьці стаяла на тым ці іншым месцы. А калі ўсё гэта зьнішчаецца, то разам зьнішчаецца душа гораду, душа нацыі, душа ўсяго, што ёсьць. Так не павінна быць, таму што гэта духоўная традыцыя, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне і якая павінна захоўвацца. Бо гэта будуе супольнасьць людзей, калі такое адбываецца. Уражвае перадусім тое, што гістарычныя помнікі працягваюць нішчыцца менавіта цяпер. Гісторык, які праводзіў нас, сам нават зьдзіўляўся, што на гэтым месцы яшчэ зусім нядаўна стаяў стары дом, а цяпер тут яго ўжо няма. Вельмі кепска і прыкра, што гэта адбываецца ў эўрапейскай краіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG