Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта перасьледуюць часопіс «Arche»?


Экспэртыза Свабоды / 26.10.2012
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00

Улады заблякавалі дзейнасьць часопіса «Arche». Ці можна лічыць гэта палітычнай замовай? Якія мэты кампаніі супраць часопіса? Якія пэрспэктывы выданьня?

Удзельнікі: выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса «Arche» Алесь Пашкевіч і вядомы журналіст Андрэй Пачобут.


Ці можна лічыць гэта палітычнай замовай?


Валер Карбалевіч: «Напачатку многія лічылі, што гэтая справа вакол часопіса „Arche“ — выпадковасьць. Спачатку ж гучалі чыста эканамічныя абвінавачаньні, кшталту незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Проста каб не забываліся і ведалі, у якой краіне жывяце. Можа, сапраўды гэта так? Ці гэта ўсё ж мэтанакіраваная палітычная акцыя, скіраваная на зьнішчэньне часопіса „Arche“?»

Алесь Пашкевіч: «Дакладнага адказу пакуль мы самі ня ведаем. У нас таксама напачатку было адчуваньне, што гэта чыста эканамічная справа, абвінавачаньне тычыцца толькі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Таму розгаласу гэтай справе мы асабліва не надавалі.

Але пасьля таго, як па БТ прайшла перадача пра наш часопіс, мы зьмянілі свае меркаваньні. Перадача была прысьвечаная зьместу тых кніжак, якія знайшлі ў вёсцы Лагойскага раёну. Яны належалі Валерку Булгакаву. Стала відавочна, што справа мае палітычную падкладку. Цяпер часопіс выходзіць ня можа, бо заблякаваны банкаўскія рахункі. І мы ня можам аплаціць друкаваньне».
Цікава, што 2012 год Лукашэнка абвясьціў Годам кнігі

Анджэй Пачобут: «Я з самага пачатку лічыў, што гэта палітычная справа. Цікава, што 2012 год Лукашэнка абвясьціў Годам кнігі. І менавіта гэтым годам судзілі распаўсюджвальніка незалежных выданьняў Алеся Яўдаху. Потым быў перасьлед аўтараў кнігі „Гродназнаўства“. І вось цяпер перасьледуюць Булгакава, вядомага чалавека, зьвязанага зь незалежным кнігавыданьнем.

Галоўная мэта ўладаў — зьнішчыць той культурніцкі асяродак, які атаясамліваецца з рэдакцыяй „Arche“. Улады такім чынам імкнуцца пазбавіцца ад канкурэнтаў у галіне кнігавыдавецтва».


Якія мэты кампаніі супраць часопіса?


Карбалевіч: «Але ў ХХІ стагодзьдзі змагацца з кнігамі трохі дзіўнавата. Улады шмат гадоў глядзелі скрозь пальцы на часопіс „Arche“. У яго невялікі наклад, ён арыентаваны на нацыянальна заангажаваную інтэлектуальную публіку. Уплыў яго на грамадзтва, здаецца, невялікі. Навошта тады яго трэба было чапаць?»

Пашкевіч: «Магчыма, мы недаацэньваем свой рэальны ўплыў, хай не ў блізкай, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. „Arche“ ня толькі фармуе незалежніцкую думку, але і гуртуе інтэлігенцыю.

Незразумела, якую пагрозу ідэалёгіі можа несьці зьмест кніжак, выдадзеных у 1552 годзе ці ў 1772 годзе. Адна — на старабеларускай мове, другая — старапольскай. Наклад часопіса вагаўся ад 500 да 1000 асобнікаў».
Усе выдаўцы кніг атрымаюць правільны сыгнал

Пачобут: «Па-першае, проста падышла чарга. Па-другое, улады выбралі гаспадарчы артыкул дзеля перасьледу. На справе Бяляцкага ўлады абкаталі палітычны перасьлед па гаспадарчым артыкуле і цяпер працягваюць гэта рабіць з „Arche“. І так прадставіць грамадзтву: маўляў, палітыка тут ні пры чым. А ўсе выдаўцы кніг атрымаюць правільны сыгнал».

Карбалевіч: «А ці не падаецца вам дзіўным, што, напрыклад, „Народную волю“ з накладам пару дзясяткаў тысяч асобнікаў не чапаюць (каб не сурочыць), а вось „Arche“ з накладам 1000 асобнікаў хочуць зачыніць?»

Пачобут: «„Народнай волі“ адведзена роля вітрыны. Каб Лукашэнка мог сказаць замежным журналістам: вось глядзіце, апазыцыйная газэта прадаецца ў кіёску адміністрацыі прэзыдэнта, а некаторыя ладзяць паклёп, што ў нас няма свабоды слова. А „Arche“, лічаць улады, арыентаваны на невялікае кола, таму ягонае закрыцьцё ня выкліча вялікага рэзанансу».


Якія пэрспэктывы выданьня?


Карбалевіч: «Чаго варта чакаць далей? Што можа зрабіць грамадзкасьць, каб уратаваць часопіс? Або ён сыдзе ў інтэрнэт?»
Мы настроеныя на тое, каб працы ня кідаць

Пашкевіч: «Мы настроеныя на тое, каб працы ня кідаць. Будзем выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці для выданьня. Нам цяпер патрэбная салідарнасьць, маральная падтрымка беларускіх інтэлектуальных асяродкаў. Бо сёньня — мы, а заўтра — іншыя. Былі б вельмі ўдзячныя і падтрымцы з боку замежных інтэлектуалаў. Бо мы шмат друкавалі ў перакладзе замежных аўтараў. А мы будзем змагацца да канца».

Пачобут: «Пакуль няма рашэньня, хаваць „Arche“ зарана. Існуе надзея на існаваньне часопіса ў папяровым варыянце. Але калі ўзяць самы чорны сцэнар, то можна сысьці ў інтэрнэт. Зь яго дапамогай можна нават пашырыць уплывовасьць. Зь цягам часу можна ўвесьці аплату за карыстаньне тэкстамі і такім чынам вырашыць пытаньне фінансаваньня выданьня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG