Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бардаўская восень»: сёньня – Паліна Рэспубліка


Сёньня ў Бельску на Падляшшы пачынаецца фэстываль беларускай бардаўскай песьні «Бардаўская восень 2012».

Пятніца – конкурсны дзень фэстывалю. Журы конкурсу складаюць: Андрэй Сьцепанюк (дырэктар беларускага ліцэю ў Бельску), Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў.

Пасьля конкурснай часткі на сцэне Бельскага дому культуры выступяць Паліна Рэспубліка (ляўрэатка «Бардаўскай восені 2011»), гурт «HandmadE» і Віктар Шалкевіч.

«Бардаўская восень» сёлета праводзіцца 19-ты раз. Пракамэнтаваць, чым падобны гэты фэстываль на папярэднія, а чым адрозьніваецца ад іх, мы папрасілі Ігара Лукашука з кіраўніцтва Зьвязу беларускай моладзі ў Польшчы, які зьяўляецца арганізатарам «Бардаўскай восені»:

«Рутынна гэтых фэстываляў мы ніколі ня робім. Кожны год імкнемся рабіць нешта новае. Увогуле, арганізацыя – гэта творчы працэс, і рутына забівае яго. Сёлета мы пашырылі наш фэстываль на новыя сцэны і месцы выступаў. Учора ў рамках фэстывалю адбылася паэтычна-музычная сустрэча ў Нарве, дзе выступілі паэтка Надзея Артымовіч і музыка Алег Кабзар у супольным праекце «Бераг». Сёлета барды пабываюць у Дубічах-Царкоўных, дзе раней фэстывальныя выступы не адбываліся. Ну і, зразумела, галоўныя выступы традыцыйна будуць у Бельску, на сцэне Бельскага дому культуры, ды ў Беластоку, у новым будынку Падляскай опэры. Таксама традыцыйна адбудуцца выступы ў будынку Беларускага музэю ў Гайнаўцы».

Заўтра ў Бельску, пасьля ўручэньня ўзнагародаў і канцэрту ляўрэатаў конкурсу, выступяць «Re1ikt», «Сундук», «Ilo&Friends» і Лявон Вольскі.

Падрабязная праграма ўсёй імпрэзы, якая была заплянаваная на пяць дзён (25-29 кастрычніка), знаходзіцца на сайце фэстывалю «Бардаўская восень 2012».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG