Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ: ад «выпадковасьці» да «заканамернасьці»

абноўлена

Футбольная каманда БАТЭ яшчэ за тры туры да завяршэньня групавой стадыі можа максымальна наблізіцца да выхаду ў плэй-оф самага прэстыжнага эўрапейскага клюбнага турніру — Лігі чэмпіёнаў.

Пасьля дзьвюх запар перамог над францускім «Лілем» і нямецкай «Баварыяй» у актыве барысаўцаў шэсьць пунктаў і першае месца ў інтэрнацыянальным квартэце. У выпадку сёньняшняй перамогі над гішпанскай «Валенсіяй» беларусы будуць мець вельмі добрыя шанцы на веснавы працяг лігачэмпіёнскага сэзону.

Многія эўрапейскія футбольныя спэцыялісты лічаць, што пры любым раскладзе далейшых падзеяў беларускі БАТЭ — ужо галоўная сэнсацыя сёлетняй Лігі чэмпіёнаў. А галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнку называюць асноўным рухавіком калектыву. Сам Ганчарэнка ад лішняй увагі да сябе і каманды не ў захапленьні, бо гэта перашкаджае працэсу падрыхтоўкі. А барысаўцы нацэленыя на тое, каб прынамсі адкарэктаваць несуцяшальную статыстыку — у шасьці ранейшых эўракубкавых сустрэчах з гішпанскімі камандамі БАТЭ прайграў усе:

Віктар Ганчарэнка
Віктар Ганчарэнка
​«Мы павінны забыцца, што ў нас ёсьць табліца, што мы лідэры. Мы павінны зрабіць усё, каб дыстанцыявацца ад гэтага. Што тычыцца статыстыкі з гішпанскімі клюбамі, то, як вядома, да гэтага году ў нас увогуле перамогаў у Лізе чэмпіёнаў не было. Таму я спакойна стаўлюся да любой статыстыкі. Больш за тое, скажу, што ўпэўнены ў сваёй камандзе. Мы, зноў жа, знаходзімся ў вельмі добрым гульнявым тонусе. Рана ці позна нейкія сэрыі, як мы гаварылі яшчэ перад гульнёй з „Баварыяй“, сканчаюцца. Статыстыка на тое і ёсьць, каб яе ламаць на сваю карысьць».

Сапраўды, фігура Ганчарэнкі робіцца ўсё больш пазнавальнай. Пра ягоныя здольнасьці на тэлеканале «Эўраспорт» разважае вядомы футбольны спэцыяліст Арсэн Вэнгер. Расейскі спартовы камэнтатар Васіль Уткін, які раней абразьліва выказваўся пра беларускага трэнэра, напісаў у Твітэры, што перад сёньняшняй гульнёй БАТЭ яму сьніліся жахі. Не спыняюцца спробы іншых фэдэрацыяў перакупіць маладога адмыслоўца. Сам жа Ганчарэнка да папулярнасьці ставіцца спакойна, знаходзячы час і для маленькіх радасьцяў. Так, учора пасьля прэсавай канфэрэнцыі ён сказаў, што цяпер чытае кнігу Ўладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы» — з аўтографам аўтара. «Паступова дабяромся і да беларускай мовы», — паабяцаў Ганчарэнка.

Тым часам для беларускага чэмпіянату БАТЭ ўжо некалькі гадоў застаецца прыкладам таго, як можна ўласным майстэрствам забясьпечваць адносна камфортнае матэрыяльнае становішча. Уладальнік футбольнага клюбу з Барысава Анатоль Капскі кажа, што ўнутраная палітыка каманды грунтуецца на тым, каб ува ўсім быць самадастатковым арганізмам:

Анатоль Капскі
Анатоль Капскі
«Мы не матываваныя на падтрымку дзяржавы, мы паставілі сабе задачу па магчымасьці зарабляць дзеля таго, каб разьвівацца далей. Вядома, дзяржаўная падтрымка ёсьць, і мы за гэта ўдзячныя народу, тым, хто такія рашэньні прымае. Удзячныя, вядома, што ёсьць такая дзяржаўная палітыка ў галіне спорту. Але на самой справе мы павінны разумець, што ў краіны шмат задачаў і шмат важных пытаньняў, якія трэба вырашаць, таму мы не павінны быць утрыманцамі ў дзяржавы».

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка называе фэномэн БАТЭ парадаксальным. У складзе каманды няма гульцоў экстраклясы, трэнэрскі штаб практычна абыходзіцца безь легіянэраў, бюджэт клюбу меншы, чым у заходніх чэмпіянатах каштуе ня самы дарагі футбаліст. І пры гэтым чатыры гады запар БАТЭ выступае ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Эўропы:

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка
«Я не магу знайсьці адназначны адказ на гэтае пытаньне. Але схільны думаць, што ў гэтым вялізная заслуга, перш за ўсё, галоўнага трэнэра Ганчарэнкі, які можа ў перапынку настроіць каманду, паглядзець, што і дзе трэба ўзмацніць, падгледзець слабыя і моцныя бакі суперніка і скарэктаваць гульню. Я зьвяртаю ўвагу, што ў другім тайме БАТЭ ніколі не завальвала. Таму я мяркую, што ільвіная доля посьпеху ўсё ж належыць яму. Бо які можа быць мэнэджмэнт, калі ня куплена ніводнага больш-менш добрага, эўрапейскай клясы гульца? А калі куплялі якога-небудзь Кежмана, то ён не затрымліваўся. І ўсё, больш купляў няма, фінансы ж не спрыяюць. Гульцы лепшыя атрымліваюць 10–12 тысяч даляраў. Ну, Глеб стаіць асобна, нібыта мае ад 20 да 100 тысяч. Па эўрапейскіх мерках — гэта задворкі, разумееце?»

Футбольная інфраструктура ў Беларусі, адрозна ад таго ж хакею, занядбаная. Абяцаны БАТЭ стадыён у Барысаве ператварыўся ў даўгабуд, дынамаўская арэна ў Менску, на якой гуляюць міжнародныя сустрэчы, даўно не адпавядае міжнародным стандартам. Аднак даведваюцца пра Беларусь дзякуючы ўсё ж не хакею, у які дзяржава ўкідае мільёны даляраў, а футбольнай камандзе зь невялікага Барысава.

Ёсьць зьвесткі, што наведаць сёньняшні матч БАТЭ — Валенсія плянуе Аляксандар Лукашэнка, які некалі сам гуляў у футбол, але потым пераарыентаваўся на хакей. Аднак, згадвае спартовы экспэрт Уладзімер Даўжэнка, звычайна зьяўленьне кіраўніка краіны на стадыёне дзейнічае як дэмаралізатар для гульцоў:
Сёньня як быццам хочуць наведаць гэтую гульню самыя высокапастаўленыя асобы краіны. Хацеў бы адраіць, бо гісторыя паказвае, што потым каманда прайграе

«Увогуле, калі БАТЭ сёньня выйграе, то па клясыцы гэта ўжо будзе заканамернасьць. Бо вы ж ведаеце: адзін раз — гэта выпадак, два — супадзеньне, тры — заканамернасьць. Сёньня як быццам хочуць наведаць гэтую гульню самыя высокапастаўленыя асобы краіны. Хацеў бы адраіць, бо гісторыя паказвае, што потым каманда прайграе. Але ж я не дарадца гэтым людзям. 30 тысяч чалавек заўзятараў прыйдуць, яны сваю думку выкажуць — як учора на хакеі, калі абвяшчалі прысутнасьць Максіма Мірнага. Усе ж у адзіным парыве ня ўсталі? Гэта ўжо, ведаеце, такое другаснае пытаньне, што будзе — тое будзе. Але ўсе ў чаканьні гэтай гульні, і калі перамога здарыцца, то гэта будзе самая вялікая футбольная сэнсацыя».

Стала вядома, што напярэдадні з групоўкамі арганізаваных заўзятараў вялі прафіляктычныя гутаркі людзі ў цывільным, каб у выпадку зьяўленьня на стадыёне кіраўніка дзяржавы тыя паводзілі сябе адпаведна. Мабыць, спэцслужбы ня хочуць, каб паўтарылася тое, што днямі здарылася ў Санкт-Пецярбургу. Там падчас гульні расейскага чэмпіянату паміж «Зэнітам» і «Кубаньню» некалькі тысяч чалавек хорам скандавалі: «Губэрнатар — жлоб», «Прадай лецішча — пабудуй стадыён!» Так аматары футболу адрэагавалі на словы губэрнатара Георгія Палтаўчанкі, які сказаў, што грошай на новы стадыён няма, і прапанаваў заўзятарам «скінуцца» на будоўлю. А раней чыноўнік абураўся паводзінамі гараджанаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты картэжу прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзведзева.


ЗАЎЗЯТАРЫ «ВАЛЕНСІІ»: ДЫКТАТУРА — ДОБРА ДЛЯ ТУРЫЗМУ

Заўзятары «Валенсіі»: Дыктатура — гэта добра для турызму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:04 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG