Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»


Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:37 0:00
Наўпроставы лінк

Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»

Сьледзтва супраць журналіста Андрэя Пачобута працягнулі да 21 лістапада. Мера стрыманьня не мянялася, Пачобут застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Карэспандэнт: «Што думаеце пра тое, што сьледзтва працягнута? Як гэта ўспрынялося псыхалягічна?»

Пачобут: «За гэтым стаяць палітычныя прычыны. Відавочна, улады вырашылі, што ім пакуль такі працэс не патрэбны, і сытуацыя пакуль застаецца ў падвешаным стане. Ну, а я буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць».

Карэспандэнт: «Вядома, што пасьля вашага вызваленьня зь вязьніцы, яшчэ ў чэрвені, з вамі не праводзіліся сьледчыя дзеяньні. Якія, на вашу думку, зараз у вашай справе могуць праводзіцца сьледчыя дзеяньні?»

Пачобут: «Я ведаю толькі, што былі канфіскаваныя адразу кампутары, на якіх я працаваў дома, і па іх была праведзена экспэртыза. Праўда, зь яе вынікамі мяне не азнаёмілі. Але гэта былі тыя самыя кампутары, якія ў мяне канфіскоўвалі ў папярэдняй справе. Таму думаю, што яны там усё хутка праверылі і ўстанавілі, што можа мець дачыненьне да гэтай справы».

Карэспандэнт: «Вас выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. А ці за гэты час даводзілася пакідаць Горадню?»

Пачобут: «Так, я абавязаны знаходзіцца на тэрыторыі Горадні і выяжджаць нікуды ня маю права. Адзін раз я зьвяртаўся па дазвол, і мне такі дазвол далі. Я езьдзіў летам у Наваградак на пахаваньне. Болей не зьвяртаўся, хоць па працы патрэбы былі. Але хто мяне будзе пускаць пісаць рэпартажы?»

Карэспандэнт: «Памятаю вашы рэпартажы зь менскага суду над Кавалёвым і Канавалавым, матэрыялы зь Віцебску. А як цяпер працуеце?»

Пачобут: «Сёньня ў мяне такой магчымасьці няма, але я працую зь ньюсамі альбо пішу аналітычныя тэксты».

Карэспандэнт: «Што вас як журналіста найболей вабіць у цяперашніх падзеях у Беларусі?»

Пачобут: «Аўтарытэт улады цяпер мінімальны. Наагул, самае дзіўнае, што калі ўзяць сыстэму беларускай эканомікі, то паводле ўсіх сусьветных нормаў яна ня можа існаваць. Але яна ўжо 18 гадоў функцыянуе, і гэта цікава. І Лукашэнка ўвесь час знаходзіць лазейкі, калі, здавалася, усё ўжо павінна абрынуцца. Але яно ізноў існуе, бо аказваецца, што можна гандляваць распушчальнікамі. І вось такія схемы эканамічныя — гэта вельмі цікава».

Карэспандэнт: «Напэўна, цяпер застаецца больш часу, каб бавіць яго зь сям’ёй?»

Пачобут: «Вядома, я значна больш часу стаў аддаваць сям’і, улічваючы тое, што для ўсіх было вельмі складана, калі мяне пасадзілі, дый ізноў могуць пасадзіць. Рэгулярна субота — выходны дзень, і я яго цалкам аддаю сям’і, а сына кожны дзень важу ў садок».


Справа Пачобута

21 кастрычніка завяршылася папярэдняе сьледзтва ў крымінальнай справе супраць журналіста Андрэя Пачобута.

«Сьледчых дзеяньняў за гэты пэрыяд (пакуль цягнулася сьледзтва. — РС) ніхто не праводзіў, мяне нікуды не выклікалі. Я пакуль нічога ня ведаю, бо мяне ніхто ні пра што не інфармаваў», — заявіў «Свабодзе» Андрэй Пачобут.

Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», арыштавалі 21 чэрвеня.

Яго зьвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта. Падставамі сталі артыкулы Пачобута на сайтах «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі самы час.

Пачобута адразу пасадзілі ў сьледчы ізалятар, дзе ён прабыў да 30 чэрвеня. Пасьля яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яшчэ ў СІЗА ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам.

5 ліпеня 2011 году суд Ленінскага раёну Горадні апраўдаў Андрэя Пачобута паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаў вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG