Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя калёніі не прыняла лекі для Бяляцкага


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У бабруйскай калёніі № 2 мэдычныя бандэролі для вязьня забаранілі.

Жонка зьняволенага праваабаронцы Натальля Пінчук паведаміла, што днямі дасылала Алесю Бяляцкаму мэдычную бандэроль, бо яму дазволілі такую пасылку.

«Гэта значыць, ён напісаў сьпіс неабходных яму лекаў, узгадніў з мэдычнай часткай калёніі, выслаў мне. Я набыла гэтыя лекі. Аднак, як высьветлілася, гэтую бандэроль абмежавалі вагой толькі ў адзін кіляграм. Паводле паштовых стандартаў бандэроль павінна важыць да двух кіляграмаў. Я кантактавала са сваякамі іншых зьняволеных — яны з такой праблемай не сутыкаліся, у іх вага мэдыцынскай бандэролі не абмяжоўвалася», — заявіла Пінчук БелаПАН.

Супрацоўнікі калёніі не патлумачылі, чаму абмежавалі вагу бандэролі.

Аднак нават з гэтай бандэрольлю паўсталі праблемы.

Пінчук: «Гэтую бандэроль я адправіла, але яна зноў вярнулася да мяне. На канвэрце напісана, што нібыта парушаныя нейкія тэрміны адпраўкі. Але ніякіх памылак не было — бандэроль дасланая майму мужу. Атрымліваецца, што цяпер да зімы ён будзе ў калёніі бязь лекаў і вітамінаў».

Гэтую ж бандэроль яна выслала ў калёнію паўторна.

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук
«Я ня ведаю, з чым гэта можа быць зьвязана. З Алеся зрабілі злоснага парушальніка, навесілі яму парушэньняў рэжыму, і цяпер ціск узрастае. Падобна, улады робяць усё магчымае, каб ускладніць яму жыцьцё ў турме».

Натальля Пінчук ня ведае, ці прапаноўвалі Бяляцкаму напісаць прашэньне аб памілаваньні:

«Алесь пра такія рэчы нічога не пісаў. Аднак, мяркуючы па тым, як дзейнічаюць адміністрацыі папраўчых устаноў у адносінах да іншых палітвязьняў, я магу выказаць здагадку, што такая прапанова была, Алесь яе адхіліў, пасьля чаго ціск узмацніўся».

Справа Бяляцкага


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG