Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм партыі БНФ — за адзінага кандыдата


13 кастрычніка на сойме партыі БНФ была прынятая дэклярацыя, у якой заяўлена пра неабходнасьць пераадолець разлад у дэмакратычных сілах і вылучыць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата.

Паводле лідэра партыі БНФ Аляксея Янукевіча, партыя будзе дамагацца за тое, каб адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў стаў яе прадстаўнік, ў крайнім выпадку — палітык, які падзяляе погляды БНФ. Хто пэрсанальна мог бы прэтэндаваць на ролю аб’яднага кандыдата на прэзыдэнта? «Мог бы вылучацца я, Рыгор Кастусёў таксама пра гэта кажа», — цытуе Аляксей Янукевіча БелаПАН.

Асобна стаіць пытаньне, якім чынам вызначыцца з тым, хто будзе адзіным кандыдатам. Паводле Рыгора Кастусёва, АГП прапанавала абраць адзінага кандыдата праз праймэрыз, а партыя БНФ прапануе вынесьці гэтае пытаньне на разгляд кангрэса дэмакратычных сілаў.

Выбары прэзыдэнта Беларусі мусяць адбыцца ў 2015 годзе.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году апазыцыя не вылучыла адзінага кандыдата на прэзыдэнта і нават не праводзіла агульных дзеяньняў па вырашэньні гэтага пытаньня. Ад партыі БНФ кандыдатам на прэзыдэнта вылучаўся намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.

Прэзыдэнцкія выбары 2010 году закончыліся тым, што Цэнтрвыбаркам абвясьціў пераможцам Аляксандра Лукашэнку. Большасьць кандыдатаў на прэзыдэнта вынікаў выбараў не прызналі. Мітынг пратэсту пасьля выбараў, у якім паводле розных назіральнікаў узялі удзел ад 30 да 50 тысяч чалавек, быў разагнаны міліцыяй з дапамогай войска. Пры гэтым было арыштавана болей за 600 чалавек. Пазьней цягам некалькіх месяцаў 5 кандыдатаў на прэзыдэнта былі асуджаныя за арганізацыю вулічных беспарадкаў на розныя тэрміны. Цягам больш за год два зь іх былі памілаваныя, яшчэ два — Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі — адбываюць пакараньне з адтэрміноўкай альбо ўмоўна. Мікалай Статкевіч, дагэтуль адбывае пакараньне ў калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG