Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч раіць ніколі не трымаць галадоўку ў карцэры


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч даслаў першы ліст з ПКТ Мазырскай калёніі, куды ён патрапіў 5 кастрычніка пасьля галадоўкі на знак пратэсту супроць абыходжаньня, якое ён лічыць зьняважлівым.

Нявеста палітвязьня Наста Палажанка распавяла:

«Гэта адразу некалькі лістоў, якія ён пісаў паступова штодня, але адправіў разам, бо, відаць, не было пошты. Піша, што паступова выходзіць з галадоўкі, спрабуе есьці больш разнастайнай ежы. Пра галадоўку напісаў, што не пазнаў сябе, калі ў ПКТ зазірнуў у люстэрка. Што схуднеў за 14 дзён болей, як трымаў галадоўку ў 2006 годзе цягам 21 дня. Мне не раіць ніколі трымаць галадоўку ў карцэры.»

Наста Палажанка паведаміла, што турэмныя лекары прызналі Зьмітра Дашкевіча пасьля галадоўкі схільным да суіцыду, «хаця галадоўка — гэта форма пратэсту супроць свавольства адміністрацыі».

У лісьце Зьміцер Дашкевіч паведаміў некаторыя падрабязнасьці наведваньня яго папскім нунцыем у канцы верасьня.

«Ён напісаў, што нунцый яго падтрымліваў, перадаваў прывітаньне ад папы і казаў, што касьцёл падтрымлівае людзей, якія змагаюцца за справядлівасьць у сваёй краіне. Што яны моляцца за палітвязьняў. Зьміцер быў вельмі прыемна зьдзіўлены такой пазыцыяй, піша, што размова была абсалютна пазытыўнай», — распавяла Наста Палажанка.

У канцы жніўня лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які адбываў двухгадовы тэрмін паводле абвінавачаньня ў хуліганстве ў Глыбоцкай калёніі, быў асуджаны яшчэ на год за непадпарадкаваньне і пераведзены ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што беларускія ўлады перасьледуюць Зьмітра Дашкевіча за ягоную палітычную дзейнасьць.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG