Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фэрмэр: «Якасьць малака рэзка пагоршылася ў 1990-я гады»


Фота Андрэй Мялешка
Фота Андрэй Мялешка

Кампанія «Молочный мир» з дапамогай слогану «Натуральна, як і 70 гадоў таму» рэклямуе сваю малочную прадукцыю. Ці сапраўды беларускае малако сёньня можна параўнаць з тым, якое надойвалі ў 1942 годзе?

Генэральны дырэктар гарадзенскай фірмы «Молочный мир» Марына Анікеева паведаміла карэспандэнту «Свабоды», што слоган «Натуральна. Як і 70 гадоў таму» зьявіўся ў 2008 годзе, калі адзначалася 70-годзьдзе заснаваньня малочнага заводу ў Гародні.

«Завод бярэ гісторыю з 1938 году, і мы сваёй рэклямай хацелі падкрэсьліць роўна тое, што як і даўным-даўно, нават у мінулым стагодзьдзі, гэтак і зараз нашая прадукцыя застаецца абсалютна натуральнай, безь хімічных дадаткаў, бязь нейкіх іншых стабілізацыйных рэчываў. Гэта і ацэньвае наш спажывец. А што да дыскусіі вакол рэклямы... Кажуць, гэта таксама добры маркетынгавы ход, але наўмысна мы яго не задумвалі».

Паводле Марыны Анікеевай, пакуль кампанія не зьбіраецца адмаўляцца ад дзейнай рэклямы.

Фэрмэра зь вёскі Мацкі Менскага раёну Ўладзімера Матусевіча званок карэспандэнта «Свабоды» засьпеў у полі. Аказалася, фэрмэр дасьведчаны ў дыскусіі вакол «Малочнага міру» ў інтэрнэце. Уладзімер Матусевіч, якому праз год будзе 60, мяркуе, што ў часы ягонага дзяцінства малако было яшчэ сапраўды чыстым.

У 1970-я гады пачалася хімізацыя, падняліся ўраджаі і надоі, якасьць малака пагоршала. Але самы моцны ўдар па якасьці малака быў нанесены пасьля 1990-х гадоў, калі кароў паставілі ў фэрмы, перавялі на сілас і пачалі надойваць ад іх больш за 10 тысяч літраў у год ад кожнай.

Уладзімер Матусевіч
Уладзімер Матусевіч
Матусевіч: «Малако тады было чыстым, калі было наша дзяцінства. Тады быў галодны час, але малако было сапраўды натуральным. Хіміі тады ж не было. А зараз малююць гэтых кароў, што яны нібыта пасуцца па пашы. А гэтыя каровы ўжо стаяць круглы год у памяшканьні, якое называецца фэрмай, ядуць адзін кіслы сілас кукурузны і даюць малако. Але гэта ўжо ня тое малако. Таго малака больш ня будзе. У маім дзяцінстве карова давала 2–3 тысячы літраў у год, а зараз яна дае больш за 12 тысяч. Яе выкарыстоўваюць інтэнсіўна 2–3 гады, а потым на мяса — і ўсё, новую ставяць. А тое, што яны намалявалі дзядзьку на калёсах, дык гэта рэкляма. Праўда, і рэкляма ня надта. Намалявалі колы на гумовым хаду, а не драўляныя. І вязе ён малако... Хм, ці паліцаям вязе, ці партызанам у лес, так?»

Карэспандэнт: «А на вашу думку, зь якога году пачалося рэзкае пагаршэньне якасьці малака?»

«Мяркую, яшчэ на пачатку 1990-х гадоў малако, хоць было ў „мэханічным“ сэнсе больш брудным, але заставалася чыстым на малекулярным узроўні. Яно пачало рэзка мяняцца гадоў 10 таму, калі імкліва вырасьлі надоі. Калі прыйшоў Лукашэнка, надоі сярэднія былі 2 тысячы кіляграмаў, не хапала кармоў, не было кукурузы. А потым пайшоў рэзкі пад’ём надояў. Між тым карову, каб ад яе столькі надаіць, трэба „шпігаваць“ антыбіётыкамі. Зараз карова крыху захварэла — ёй адразу колюць антыбіётык, а шлейф ад яго застаецца, перадаецца людзям, іх нашчадкам. Толькі зараз мы зразумелі, што з антыбіётыкамі трэба ведаць меру. І карову, каб зь яе ўзяць столькі малака, трэба гэтак эксплюатаваць! Мне шкада гэтую скаціну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG