Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Эгіпту памілаваў тысячы затрыманых актывістаў


Прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі памілаваў усіх дэманстрантаў, якія былі арыштаваныя падчас антыўрадавых акцый у пачатку 2011 года, акрамя асуджаных за забойства.

Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў хвалі пратэстаў, якая прывяла да зьвяржэньня летась у лютым папярэдніка Мурсі — былога прэзэдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака, якая прабыў ва ўладзе 40 гадоў.

У паведамленьні на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook Мурсі абвясьціў аб амністыі тых, хто быў асуджаны за «справы, учыненыя ў падтрымку рэвалюцыі».

Дзякуючы гэтаму ўказу на волю могуць выйсьці некалькі тысяч чалавек.

Хосьні Мубарак адышоў ад улады летась у лютым пасьля 18 дзён дэманстрацый, падчас якіх загінулі некалькі сотняў пратэстоўцаў.

Цяпер Мубарак адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне ў турме, пасьля таго як у чэрвені суд прызнаў яго вінаватым у гібелі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

У адпаведнасьці з указам Мурсі памілаваныя будуць усе, хто быў арыштаваны, пачынаючы зь першага дня рэвалюцыі, 25 студзеня 2011 году, і аж да канца сёлетняга чэрвеня, калі новы прэзыдэнт заступіў на пасаду.

Указ датычыць як затрыманых, якія чакаюць суду, так і асуджаных, якія ўжо пачалі адбываць свае тэрміны. Выключэньне складаюць асуджаныя да турмы за забойства.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнага агенцтва «Мэна», імёны памілаваных павінны быць апублікаваныя вайсковай пракуратурай на працягу месяца.

Мухамэд Мурсі быў абраны прэзыдэнтам Эгіпту ў чэрвені ў выніку першых дэмакратычных выбараў у краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG