Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Нямеччыны: Скарына — Гутэнбэрг Беларусі


У рамках Тыдняў Нямеччыны ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава «Францыск Скарына: падарожжа на радзіму». На ёй упершыню ў Беларусі экспануецца Біблія Францыска Скарыны зь Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі нямецкага Гёрліца. Выстава ў Менску, а потым у Нясьвіжы праходзіць пад патранатам амбасады Нямеччыны і беларускага Міністэрства культуры.

Біблія Францыска Скарыны з Гёрліца складаецца з 11 сабраных у адзін канвалют кніг, якія першадрукар выдаў у Празе ў 1517–1519 гадах. Сярод іх ёсьць такія, якіх ня мае беларуская Нацыянальная бібліятэка. Напрыклад, кніга Быцьця з гравюрай на тытульным аркушы, а таксама чатыры кнігі Царстваў са славутым партрэтам Скарыны. Гёрліцкі канвалют — унікальны антыкварны рарытэт Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі. Спачатку ён трапіў з Прагі ва Ўроцлаў, а затым апынуліся ў Гёрліцы, дзе яго знаходжаньне дакумэнтальна пацьверджана з 1615 году. У інтэрвію карэспандэнту «Свабоды» дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што гэтае выданьне выдатна захавана:

«Кнігі, якім амаль 500 гадоў, але ёсьць уражаньне, што яны выдадзеныя 20–30 гадоў таму. Таму наша шчырая ўдзячнасьць нямецкім калегам, бібліятэкарам, якія 200–300 гадоў захоўвалі гэтую кнігу. За тое, што яны захавалі памяць Беларусі ў такім выдатным выглядзе. Захаваўся тытульны аркуш. Кніга вельмі багатая на гравюры. Усе гравюры, якія ёсьць у гэтым выданьні, захаваліся. І яшчэ адна адметная асаблівасьць — там ёсьць каляровыя гравюры».
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі паказвае выстаўленую Біблію
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі паказвае выстаўленую Біблію

Сытуацыя адметная тым, што цяпер на выставе ў Беларусі апынулася разам 21 кніга Бібліі Скарыны, разам зь дзесяцьцю, якія належаць Нацыянальнай бібліятэцы.
Беларуская калекцыя кніг Скарыны
Беларуская калекцыя кніг Скарыны

Падчас адкрыцьця выставы дырэктар Верхнялужыцкай бібліятэкі Матыяс Вэнцэль адзначыў, што Біблію Скарыны знайшоў у 2003 годзе падчас адной з выставаў вучоны Норбэрт Рандаў.

«Расказваючы сёньня немцам пра Францыска Скарыну і яго дасягненьні, я заўсёды кажу, што для беларускай культуры ён адыграў гістарычна тую ж ролю, што і Гутэнбэрг і Лютэр для Нямеччыны. Толькі Скарына аб’яднаў першадрукара і перакладчыка Бібліі ў адной асобе. Выданьні, выпушчаныя ва ўласнай друкарні Скарыны ў Празе, адносяцца да бібліяграфічных рэдкасьцяў. Мы ганарымся тым, што змаглі дадаць да 39 канвалютаў ягоных выданьняў, якія былі вядомыя да 2005 году, яшчэ адзін, саракавы канвалют, знойдзены ў нашых фондах».
Матыяс Вэнцэль
Матыяс Вэнцэль

Нямецкі бок пагадзіўся залічбаваць канвалют з захаваньнем самых сучасных стандартаў карыстаньня і кансэрвацыі. У сваім выступе пасол Нямеччыны Вальфрам Маас назваў Скарыну Гутэнбэргам Беларусі.

«Скарына падрыхтаваў Рэфармацыю на ўсходнеславянскай і беларускай прасторы, ён апрацаваў глебу, зрабіў слова Божае зразумелым для людзей — ня больш, але і ня менш за гэта. Тое, што гэтую кнігу, якая стала ўвасабленьнем ідэяў Рэфармацыі, можна бачыць, пачынаючы ад сёньняшняга дня, у Беларусі — гэта вынік супрацоўніцтва вялікай колькасьці ўдзельнікаў».
Вальфрам Маас
Вальфрам Маас

Раней Скарынаў канвалют у Беларусь некалькі разоў прывезьці не ўдавалася. Цяперашняя экспазыцыя стала магчымаю дзякуючы аддзелу культуры нямецкай амбасады, які, апроч арганізацыйнай працы, забясьпечыў неабходнае фінансаваньне.

Ці магчыма, каб гэты канвалют нямецкі бок падараваў Беларусі? На гэтае пытаньне карэспандэнта «Свабоды» Матыяс Вэнцэль сказаў:

«Гэта немагчыма ў сувязі з тым, што гэта гістарычная каштоўнасьць нашага гораду, нашай краіны цягам стагодзьдзяў. Біблія захоўвалася ў навуковай бібліятэцы Гёрліца. Гэта культурная і гістарычная каштоўнасьць эпохі Рэфармацыі. Я ўжо не кажу пра юрыдычныя прадпісаньні, калі гаворка ідзе пра дар культурнай каштоўнасьці. Потым, гэта пацьверджаньне эўрапейскай значнасьці».

Гёрліцкая Біблія Скарыны будзе экспанавацца ў музэі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі з 4 па 13 кастрычніка, а ў Нясьвіскім гісторыка-культурным музэі-запаведніку — з 15 па 24 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG