Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі суд разглядае справу беларускага сяржанта-ўцекача


Сьцяпан Захарчанка
Сьцяпан Захарчанка
2 кастрычніка Віленскі акруговы адміністрацыйны суд разглядаў скаргу малодшага сяржанта роты выведкі войскаў спэцыяльнага прызначэньня Міністэрства абароны Беларусі Сьцяпана Захарчанкі ў сувязі з адмовай Дэпартамэнту міграцыі Літвы даць яму прытулак. Пра гэта паведамляе агенцтва Delfi.

Інтарэсы беларуса ў судзе прадстаўляла прызначаная Літвой адвакатка Лаўра Гумуляўскене. Прадстаўнікі дэпартамэнту сьцьвярджаюць, што іхнае рашэньне цалкам абгрунтаванае, бо салдату ў Беларусі нічога не пагражае. Аднак сам Захарчанка настойвае, што дэзэрціраваў з войска, бо «адмовіўся падпісаць дакумэнты аб ужываньні фізычнай сілы супраць мірных жыхароў», а значыць, на радзіме яму пагражае трыбунал і турма. Вайсковец-уцякач просіць дэпартамэнт перагледзець ягоную справу.

Летась Захарчанка ўцёк, як ён сьцьвярджае, з прычыны пазастатутных адносін у войску, дабраўся да Вільні і папрасіў прытулку ў Літве. Аднак міграцыйныя ўлады адмовілі яму ў такой магчымасьці і забаранілі ўезд у краіну на тры гады. Цяпер 22-гадовы Захарчанка чакае магчымай экстрадыцыі ў Беларусь.

Канчатковае рашэньне ў ягонай справе суд агучыць 12 кастрычніка.

Сьцяпан Захарчанка жыве ў Цэнтры ўцекачоў у Падбродзьдзі (Pabradė), недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, і спадзяецца на станоўчае для сябе рашэньне суду. Падставы да гэтага ёсьць: міністар унутраных спраў Літвы Артурас Мялянас, камэнтуючы справу Захарчанкі, сказаў, што літоўскі бок у любым выпадку ня будзе сьпяшацца зь яго экстрадыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG