Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт ухвалілі ў першым чытаньні


Палата прадстаўнікоў ухваліла праект бюджэту на 2013 год. Дэфіцыт не прадугледжаны.

Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, прадстаўляючы праект бюджэту, паведаміў, што даходы і расходы кансалідаванага бюджэту складуць па 197 трлн рублёў (31,3% ВУП), што ў намінальным выражэньні на 25% больш у параўнаньні з чаканым выкананьнем бюджэту ў 2012 годзе. Рэальны прырост бюджэту ў наступным годзе мае перавысіць 8%.

Як паведамляе Інтэрфакс, даходы і расходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2013 год прадугледжваюцца ў суме 121,72 трлн рублёў (рост на 26,1% у параўнаньні з 2012 годам).

Пры гэтым субсыдыі і субвэнцыі, якія перадаюцца ў 2013 годзе з рэспубліканскага бюджэту ў мясцовыя, складуць 39,8 трлн рублёў. У выніку рэсурсы мясцовых бюджэтаў па даходах і расходах будуць сфармаваныя ў суме 112 трлн рублёў, што на 28% больш, чым у 2012 годзе.

Міністар фінансаў паведаміў, што структура даходаў кансалідаванага бюджэту ў наступным годзе істотна ня зьменіцца. Доля ПДВ складзе 30%, паступленьняў ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — 15%, падатку на прыбытак — 14,5%, падаходнага падатку — 12,8%, акцызаў — 8,3%, даходаў ад кіраваньня дзяржуласнасьцю — 8,3%.

Камэнтуючы бюджэтныя выдаткі ў наступным годзе, А.Харкавец падкрэсьліў апераджальны рост капітальных выдаткаў, якія вырастуць на 42,7%. Пры гэтым аб’ёмы фінансаваньня дзяржаўнай інвэстпраграмы складуць 6,3 трлн рублёў, што ў 1,7 раза больш (у рэальным выражэньні прырост складзе 17%).

«Інвэстыцыйны складнік бюджэту ў наступным годзе будзе значна апярэджваць тэмп росту інвэстыцый у асноўны капітал у цэлым па эканоміцы — бюджэтныя інвэстыцыі ў рэальным выражэньні вырастуць больш чым на 20% пры росьце інвэстыцый у асноўны капітал у цэлым на 6%. Гэта адлюстроўвае пазытыўныя структурныя зьмены ў бюджэце», — сказаў міністар.

Кіраўнік Мінфіна таксама паведаміў, што выдаткі кансалідаванага бюджэту на адукацыю ў наступным годзе складуць 34,1 трлн рублёў, на ахову здароўя — 26,3 трлн рублёў, на сацыяльную палітыку — 14 трлн рублёў.

Паводле Харкаўца, на стрымліваньне тарыфаў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы і транспарце будуць выкарыстаныя субсыдыі бюджэту ў суме 16 трлн рублёў.

Агульны аб’ём асыгнаваньняў на падтрымку рэальнага сэктару эканомікі ў наступным годзе перавысіць 10 трлн рублёў, у тым ліку на патаньненьне працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах будзе накіравана больш як 9 трлн рублёў. Бюджэтная падтрымка сельскай гаспадаркі ў наступным годзе складзе 15 трлн рублёў.

У другім чытаньні праект закону аб бюджэце будзе разгледжаны 8 кастрычніка.

Эканаміст Сяргей Чалы зьвяртае ўвагу, што праект бюджэту-2013 адрозьніваецца ад бюджэту бягучага году, дзе абмяжоўваліся ўнутраныя бюджэтныя інвэстыцыі:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«У 2011 годзе ўнутраныя інвэстыцыі за кошт бюджэту былі адной з крыніц дысбалянсаў, якія прывялі да валютнага крызісу. У 2012 годзе стрымліваліся, але цяпер вырашылі вярнуцца да гэтай практыкі, убачыўшы, што ніякіх іншых крыніц для ўнутранага росту няма».

Спадар Чалы мяркуе, што аптымістычныя лічбы росту даходаў і расходаў бюджэту трэба супаставіць з інфляцыяй, якая ў 2013 годзе, паводле прагнозу ўраду, мае скласьці 12 працэнтаў.

Закладзеныя ў праект бюджэту невялікія субсыдыі на ЖКГ і транспарт сьведчаць, што ўрад пойдзе на больш высокія тэмпы росту тарыфаў для насельніцтва. Падтрымка рэальнага сэктару зь бюджэту істотна ня вырасьце, канстатуе Сяргей Чалы. Сёлета на гэта было закладзена 7 трыльёнаў, на наступны год — 9.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG