Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка зьвярнулася да генэральнага пракурора


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з просьбай «правесьці праверку па факце нялюдзкіх адносінаў да Зьмітра Дашкевіча» ў папраўчай калёніі № 20.

Палажанка просіць генпракурора расьсьледаваць факты пагрозаў Дашкевічу і ціску на яго.

Палажанка адзначыла, што бліжэйшым часам Дашкевіч павінен падпісаць скаргу на дзеяньні адміністрацыі калёніі, складзеную з дапамогай адваката. «Аднак у сувязі з тым, што скарга ад імя Дашкевіча паступіць у Генэральную пракуратуру не раней чым праз тыдзень, а яго становішча выклікае заклапочанасьць, я прашу правесьці праверку па факце нялюдзкіх адносін да Дашкевіча, ужыць захады ўрэгуляваньня канфлікту і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасьці», — заявіла Палажанка ў інтэрвію БелаПАН.

Палажанка распавяла, што 26 верасьня разам з адвакатам яна пабывала ў калёніі № 20.

«Начальнік калёніі Юры Збароўскі стаў пераконваць мяне, што Дашкевіч паводзіць сябе неадэкватна, хоча парэзаць сабе вены, абвясьціў галадоўку з-за адсутнасьці адваката, усё адмаўляе і шмат чаго выдумляе. Аднак гэта ня можа адпавядаць рэчаіснасьці, бо ў пэрыяд знаходжаньня ў ВК № 13 у Глыбокім, а таксама ў СІЗА № 2 Віцебску нічога падобнага зь ім не адбывалася. Больш за тое, усяго за тыдзень знаходжаньня ў калёніі № 20 чалавек ня можа карэнным чынам зьмяніць свае паводзіны і ператварыцца ў чалавека зь неўраўнаважанай псыхікай. Лічу, што ўся гэтая размова была спосабам увядзеньня мяне ў зман і спробай аказаць з маёй дапамогай ціск на Дашкевіча», — заявіла Палажанка.

Пры гэтай размове ў кабінэце начальніка быў яшчэ адзін чалавек, сказала яна. «Як я разумею, гэта быў начальнік рэжымнага аддзелу, які ўвесь час нешта камэнтаваў і выказваў занепакоенасьць, што ў інтэрнэце можа зьявіцца інфармацыя пра тое, у якіх умовах знаходзіцца Дашкевіч. Калі мы знаходзіліся каля КПП калёніі, куды па адваката павінен быў прыйсьці кантралёр і правесьці яго на сустрэчу да Дашкевіча, да нас выйшаў усё той жа чалавек. Канкрэтна мне ў прысутнасьці адваката было сказана: «Калі хоць нейкі бруд пра калёнію і стаўленьне да Дашкевіча зьявіцца ў інтэрнэце, то ўсё гэта адразу адаб’ецца на ім», — заявіла Палажанка.

«Я была зьдзіўленая такім стаўленьнем і ціскам на мяне. Я адчула жах, таму што мне стаў пагражаць супрацоўнік калёніі здароўем блізкага для мяне чалавека, да таго ж у прысутнасьці адваката. Што можа быць далей, нават страшна ўявіць», — сказала Палажанка.


Справа Дашкевіча

19 верасьня Дашкевіча перавялі ў папраўчую калёнію № 20, якая месьціцца ў Мазыры Гомельскай вобласьці.

21-га ён абвясьціў галадоўку ў сувязі зь «нялюдзкімі паводзінамі адміністрацыі калёніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава — на чатыры гады.

Пацярпелых Алега Малышава і Канстанціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў. Суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, бо яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прачыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG