Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтара «Гродназнаўства» звольнілі двойчы


Андрэй Чарнікевіч
Андрэй Чарнікевіч

Андрэя Чарнякевіча, дацэнта Гарадзенскага ўнівэрсытэту, аднаго з аўтараў нашумелай кнігі «Гродназнаўства» сёньня ўнівэрсытэцкі прафкам дазволіў наймальніку звольніць з працы. Афіцыйная фармулёўка: за сыстэматычнае парушэньне працоўнай дысцыпліны. Сам Чарнякевіч і ягоныя калегі ня маюць сумневу, што сапраўдная прычына — удзел у напісаньні кнігі «Гродназнаўства».

Андрэя Чарнякевіча некалькі тыдняў таму ўжо былі звольнілі з працы ва ўнівэрсытэце, але паколькі ён у той час быў у шпіталі — аднавілі.

Тры дні таму прафкам унівэрсытэту большасьцю галасоў выступіў супраць звальненьня Чарнякевіча, а вось сёньня ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб яго звольніць. Паседжаньне прафкаму адбылося безь яго ўдзелу.

Чарнякевіч: «Спачатку сказалі, што анулявалі папярэдняе рашэньне, таму што не было кворуму, а сёньня мне намесьнік старшыні прафкаму патлумачыў, што была парушана працэдура. Маўляў, спачатку павінны былі разгледзець справу на камісіі, а потым галасаваць. Думаю, гэта проста звычайная камбінацыя, каб неяк абгрунтаваць рашэньне».

Сыстэматычным парушэньнем працоўнай дысцыпліны назвалі тое, што Чарнякевіч замяніўся зь іншым выкладчыкам, каб той правёў лекцыю замест яго. Сам Чарнякевіч кажа, што замяніўся паводле стану здароўя, папярэдзіўшы сваіх кіраўнікоў, і што гэта звычайная практыка, калі замена робіцца безь пісьмовых загадаў, на ўзроўні мясцовага кіраўніцтва.

Зрэшты, у папярэднім інтэрвію нашаму радыё Чарнякевіч распавядаў, як на працягу дня, калі ён праводзіў свае пары, бачыў людзей, якія адсочваюць кожны ягоны крок, пераяжджаюць за ім з корпуса ў корпус — такое вялося на яго своеасаблівае паляваньне.

Сёньня Андрэй Чарнякевіч сказаў, што ня можа больш ні пра што гаварыць, бо дрэнна сябе адчувае.

Прафэсар Віталь Швед, таксама аўтар «Гродназнаўства», даведаўшыся пра звальненьне Чарнякевіча, кажа, што сам папросту ў роспачы. Ён не выключае, што на гэтым сыстэма ня спыніцца, але пакуль прагназаваць нічога не бярэцца.

Швед: «Я ня ведаю, што будзе далей. Зараз на тры тыдні ад’яжджаю на лячэньне, буду дыхаць у шахтах, бо ў мяне бранхіяльная астма. Думаю, гэтыя тры тыдні мяне ніхто чапаць ня будзе. Але калі вярнуся, то, напэўна, усё вырашыцца да канца».

Яшчэ ад аднаго аўтара «Гродназнаўства», краязнаўцы Алеся Госьцева, падатковая патрабуе дэклярацыю аб даходах і маёмасьці за 2010–11 гады. Гісторык ужо на пэнсіі, але працягвае працаваць выхавацелем у ліцэі № 1 у Горадні і загадвае музэем. Ён таксама засмучаны.

Госьцеў: «Пакуль праблемаў у мяне яшчэ ніякіх няма, але вось бегаю, зьбіраю розныя паперкі для падатковай — гэта ня вельмі прыемна. А так пакуль нічога».

Віталь Карнялюк, яшчэ адзін аўтар, выкладчык гарадзенскага ўнівэрсытэту, кажа, што ў ягоным лёсе апошнім часам навінаў пакуль ніякіх няма. Ён дагэтуль ня можа ўцяміць, з-за чаго на аўтараў кнігі раптоўна насунуліся такія непрыемнасьці.

Карнялюк: «Калі б я ведаў хоць нейкія прычыны гэтага ўсяго, я б, напэўна, нешта сказаў. Але на сёньняшні дзень у мяне больш пытаньняў, чым адказаў пра ўсё гэта. Таму я не ўяўляю на сёньняшні дзень першакрыніцу гэтага працэсу. Не ўяўляю, ад каго гэта можа ісьці і якія тут матывы».

Кніга-падручнік «Гродназнаўства» напісаная вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі. У яе 38 параграфах апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю гораду. Кніга выдадзена на сучаснай крэйдавай паперы з шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя зь якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.

Першапачаткова інфармацыя пра кнігу шырока падавалася ў мясцовых СМІ, ладзіліся прэзэнтацыі. Але празь некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG