Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: ЖЭС ня мае ніякага значэньня


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай акрузе № 104 у Менску Тацяна Караткевіч падала скаргу ў Цэнтравыбаркам, у якой, сярод іншага, аспрэчвае вылучэньне кандыдатам у дэпутаты старшыні Менгарсавету Міхаіла Савановіча. Пра парушэньні паведамілі выбарцы – супрацоўнікі менскага ЖЭС № 48. Чый бок зойме Цэнтравыбаркам?

Паводле афіцыйных дадзеных, Міхаіл Савановіч перамог на выбарах, за яго прагаласавала 58,5% выбарцаў. Паводле зьвестак ЦВК, ён вылучаўся кандыдатам ад працоўнага калектыву і праз збор подпісаў. Скандал трапіў у мэдыі ўжо пасьля выбараў, калі супрацоўнікі ЖЭС № 48 заявілі, што не вылучалі Савановіча кандыдатам. Майстар Павал Сьпірын, які мае юрыдычную адукацыю, распавёў карэспандэнту "Свабоды", што адпаведная скарга пададзеная ў Менскую гарадзкую пракуратуру. Да яе прыкладаюцца 13 заяваў супрацоўнікаў ЖЭСа. У заявах гаворыцца, што ні пра якага Савановіча яны ня чулі, ня ведаюць яго і ні ў якіх дзеяньнях, зьвязаных зь ім, ня бралі ўдзелу:

Мы былі дэлегатамі, якія ня маюць паўнамоцтваў

"Нас, чатырох работнікаў ЖЭСа, фіктыўна вылучылі дэлегатамі, нібыта сабралі ўвесь ЖЭС і нас вылучылі дэлегатамі, каб вылучыць Савановіча. Насамрэч ніякага сходу працоўнага калектыву не праводзілася. Быў складзены ліпавы пратакол. То бок мы былі дэлегатамі, якія ня маюць паўнамоцтваў. Да таго ж замест нашага дворніка паехала сакратар ЖЭСа. То бок нават падвойная фальсыфікацыя. Пашпартоў ніхто не пытаўся. На гэты сход, які быў у 117-м ЖЭСе, мог прыйсьці хто заўгодна. Пабочныя людзі маглі дзеля яўкі прысутнічаць".

Павал Сьпірын заяўляе, што разьлічвае на адэкватную рэакцыю на гэты скандал і на тое, што будзе пакараны дырэктар ЖРЭА № 1. Бо тое, што ўзгаднілі наверсе, каб Савановіч быў дэпутатам, – гэта толькі адно пытаньне:

"Пытаньне ў тым, што ёсьць выканаўцы гэтага бруду. Дырэктар ЖРЭА, які, у прыватнасьці, усё гэта фіктыўна зрабіў. Час караць, каб людзі не баяліся казаць праўду пра выбары, пра ўсё, каб у нас была нармальная дэмакратыя. Калі не камандуе нейкі пахан на канкрэтнай тэрыторыі, а каб быў закон і парадак".

Цэнтравыбаркам заўсёды вельмі падрабязна вывучае дакумэнты, якія падаюцца ад апазыцыянэраў. Але як ЦВК мог не заўважыць і прапусьціць такі відавочнае парушэньне? Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляе, што ў скаргі Тацяны Караткевіч няма шанцаў. Савановіча не пазбавяць дэпутацтва:

Лідзія Ярмошына: "Дык ён подпісы зьбіраў. ЖЭС ня мае ніякага значэньня. Нават калі працоўны калектыў і там ёсьць скандал, гэта ж ня мае значэньня, калі чалавек ідзе паводле некалькіх падставаў. А збор подпісаў у яго застаецца".

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч кажа пра фальсыфікацыі яўкі, падліку галасоў, выдаленьне назіральнікаў з участкаў перад падлікам вынікаў галасаваньня.

Тацяна Караткевіч: "Мы паскардзіліся на тое, што Савановіч незаконна вядзе агітацыю, ставіць пікеты ня ў тых месцах, якія вызначаныя. Але ж яны пайшлі яму насустрач і ў той жа дзень напісалі тлумачэньні, і выявілася, што яго пікеты стаяць правільна. Гэта свавольства ўлады, адміністрацыйнага рэсурсу. І трэба паказваць, што мы будзем гэтаму супрацьстаяць усё роўна. Мы просім правесьці праверку па ўсіх калектывах. І таксама подпісы. Гэтыя подпісы былі сабраны пад ціскам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG