Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абараніў сваіх алігархаў ад Расеі


Беларусь заблякавала ў Эўразійскай эканамічнай камісіі прапанову Расеі выключыць сыравіну для біядызэльнага паліва і растваральнікаў з рэжыму бязмытных паставак нафтапрадуктаў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Пра гэта паведамляе БелаПАН, са спасылкай на размову агенцтва РИА Новости зь неназванай крыніцай у расейскім урадзе.

Прапанова расейскага боку была накіраваная на ліквідацыю бязмытнага рээкспарту зь Беларусі расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і біядызэля, у якім Масква падазрае беларускіх бізнэсоўцаў з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі. Паводле падлікаў экспэртаў, страты расейскага бюджэту ад гэтай схемы складаюць прынамсі 2 мільярды даляраў на год – за кошт недаатрыманых экспартных мытаў.

Беларускі бок, аднак, здолеў заблякаваць гэтую ініцыятыву, паколькі рашэньні такога ўзроўню ў Эўразійскай эканамічнай камісіі прымаюцца выключна кансэнсусам, патлумачыў суразмоўца РИА Новости.

Пры гэтым афіцыйны Менск сьцьвярджае, што Беларусь ужо сама прыпыніла экспарт растваральнікаў – на просьбу расейскіх уладаў.

Раней паведамлялася, што Беларусь вядзе з партнэрамі ў Мытным саюзе перамовы аб новым прынцыпе разьмеркаваньня мытаў ад экспарту нафтапрадуктаў. У прыватнасьці, Менск хоча, каб Беларусь атрымлівала долю ад экспартных мытаў на нафтапрадукты з тэрыторыі ўсяго Мытнага саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG