Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Грузіі на фоне скандалаў


Георгі Хаіндрава
Георгі Хаіндрава
Сёньня стала вядома, што ў Грузіі распачатая крымінальная справа супраць былога дзяржаўнага міністра па ўрэгуляваньні канфліктаў, кінарэжысэра Георгія Хаіндравы. Як паведаміў журналістам сам Хаіндрава, якога выклікалі на допыт у паліцыю, яго вінавацяць у адмываньні грошай і сувязях са злачыннымі групоўкамі. Хаіндрава займаў пасаду міністра з 2004-га году. Праз два гады ён сышоў з ураду і далучыўся да апазыцыі.

Грузінскія ўлады, спасылаючыся на зьвесткі францускай жандармэрыі, заявілі, што Хаіндрава прымаў удзел у сустрэчы крымінальных аўтарытэтаў, якія жывуць у Францыі і іншых эўрапейскіх краінах. На сустрэчы, як сьцьвярджаецца, абмяркоўваўся плян узброенага зьвяржэньня прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.

Генэральны пракурор Грузіі Муртазу Задэлава заявіў на брыфінгу, што нацыянальная жандармэрыя Францыі накіравала грузінскім калегам неабвержныя сьведчаньні перамоваў Хаіндравы – аднаго зь лідэраў апазыцыі – з найбольш аўтарытэтнымі «злодзеямі ў законе», якія жывуць у Эўропе: «Згодна з матэрыяламі нацыянальнай жандармэрыі Францыі, паміж прадстаўніком грузінскай апазыцыі і «злодзеямі ў законе», якія стаяць на чале міжнароднай злачыннай сеткі, дасягнута пагадненьне аб сумесных намаганьнях па дэстабілізацыі ў Грузіі, аднаўленьню ўплыву «злодзеяў у законе» і стварэньню незаконных узброеных фармаваньняў», – заявіў Задэлава. Сьцьвярджаецца таксама, што крымінальныя аўтарытэты сумесна з апазыцыйным лідэрам плянавалі ўзброены мяцеж з мэтай зьвяржэньня законна абранай улады Грузіі.

У сустрэчы, якая адбылася на поўдні Францыі ў лістападзе мінулага году, акрамя Георгія Хаіндравы і гаспадара дому – знакамітага «злодзея ў законе» Рэза Лордкіпанідзэ па мянушцы «Рэза Тбіліскі», удзельнічалі іншыя лідэры крымінальнага сьвету: Сулхан Твалчрэлідзэ (мянушка «Суха»), Тамаз Гагаладзэ, Рамаз Джынчарадзэ і Гогі Маісурадзэ. На відэазапісе, прадэманстраваным па ўсіх каналах грузінскага тэлебачаньня, відаць як «Рэза Тбіліскі» сустракае і праводзіць гасьцей на ганку свайго дому, а побач зь ім стаіць Хаіндрава.

Камэнтуючы абвінавачаньні на сваёй адрас, Хаіндрава выказаў зьдзіўленьне тым, што пасьля лістапада 2011 году ён двойчы наведваў Францыю, яму без затрымак выдавалі шэнгенскія візы, і ніякіх пытаньняў да яго не ўзьнікала:

«Мяне ўзнагародзіў ордэнам сам прэзыдэнт Шырак, я патрабую тлумачэньняў ад францускага пасла ў Тбілісі і асабіста прэзыдэнта Алянда. Калі гаворка ідзе пра сьледзтва ў справе аб спробе дзяржаўнага перавароту ці іншых супрацьпраўных дзеяньнях, гатовы адказаць на любыя пытаньні францускіх сьледчых, але не грузінскіх пракурораў, паколькі на чале нашай пракуратуры стаяць злачынцы».

Тым ня менш, пазьней Хаіндрава, атрымаўшы позву, зьявіўся ў раённае аддзяленьне паліцыі і быў дапытаны ў справе аб удзеле ў нарадзе крымінальных аўтарытэтаў.

Чарговы скандал у Грузіі разьвіваецца напярэдадні выбараў у парлямэнт, прызначаных на 1 кастрычніка. Дзьве асноўныя палітычныя сілы ў перадвыбарчай кампаніі – партыя Міхаіла Саакашвілі «Адзіны Нацыянальны Рух» і блёк апазыцыйных партый «Грузінская мара» пад кіраўніцтвам прадпрымальніка Бідзіна Іванішвілі (адным з удзельнікаў гэтай кааліцыі зьяўляецца і партыя Георгія Хаіндрава) – вядуць барацьбу з выкарыстаньнем так званага «чорнага піяру», гэта значыць мэтадаў, накіраваных на ачарненьне праціўніка. У гэтым кантэксьце і разглядаюць незалежныя экспэрты зьяўленьне спачатку відэазапісаў пра зьдзек са зьняволеных у тбіліскай турме, а цяпер і абнародаваньне кампрамэтуючых апазыцыю зьвестак аб сувязях яе лідэраў з крымінальным сьветам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG