Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі хвалююцца — улады і банкі супакойваюць


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не плянуецца новай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Банкіры заяўляюць, што недахопу ў валюце ня будзе. Але многія людзі гэтым заявам ня вераць, бо добра памятаюць, што такія з заспакаяльныя заявы гучалі і перад мінулымі дэвальвацыямі.

Афіцыйны курс даляра ў Нацыянальным банку пасьля таргоў 25 верасьня склаў 8490 беларускіх рублёў. Дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі найдаражэй куплялі яго па 8530 рублёў, а найтаньней прадавалі па 8550. Пры гэтым недахопу валюты ў абменных пунктах няма, кажа загадчыца аднаго з аддзяленьняў «Беларусбанку» Вера Жытковіч:

«Усё стабільна, вы ж бачыце — ніякага ажыятажу няма. Валюты паступіла патрэбная колькасьць, колькі каму патрэбна — набылі. Усе абменныя пункты забясьпечаныя дастатковай колькасьцю валюты, каб без праблемаў правесьці ўсе неабходныя апэрацыі. Усё спакойна».

У банкаўскіх аддзяленьнях і абменных пунктах валют вялікіх чэргаў, сапраўды, ня бачна. Наведнікі кажуць, што здаюць ці набываюць валюту без аніякіх праблем. Аднак заявам кіраўніка краіны, што зьменаў на валютным рынку не павінна быць, веры таксама не даюць. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Ці спрабавалі вы набыць валюту?»

Юнак: «Так, спрабаваў. Трэба было набыць для аплаты кватэры 140 даляраў — вось у „Беларусбанку“ набыў без праблем».

Карэспандэнтка: «Ці верыце вы заявам кіраўніка краіны, што зьменаў на валютным рынку ня будзе?»

Юнак: «Хваляваньні на гэты конт ёсьць. Думаю, што кошт даляра ня будзе стаяць на месцы, ён будзе расьці. Але я не набываю валюту наперад, усё роўна не назапасісься».

Карэспандэнтка: «Ці вы сапраўды верыце, што на валютным рынку зьменаў не адбудзецца?»

Спадарыня: «Не, зь цяжкасьцю верыцца. Бо шмат выказваецца розных абяцанак, але ніколі і нічога не выконваецца. Усё, што гаворыцца зьверху, усё трэба ўспрымаць наадварот».

Спадар: «Праблем няма — у „Франсабанку“ набываў валюту па добрым курсе, у іншых банках таксама. Што да таго, ці ёсьць перажываньні пра рост курсу даляра, то ёсьць такое. Прынамсі, я набываю валюту на ўсе вольныя грошы. Бо колькі ўжо падманвалі народ: кажуць адно, адбываецца зусім іншае. Бачылі ўжо, як перад Новым годам казалі, што дэвальвацыі ня будзе, людзі прачнуліся — 20% дэвальвацыя. Верыць нельга».

Менавіта недавер жыхароў краіны да фінансава-эканамічнай палітыкі дзяржавы і можа стаць вырашальным сярод шэрагу фактараў, якія могуць прычыніцца да нэгатыўных зьменаў на валютным рынку, кажа эканаміст Міхась Залескі:

«Валютны рынак знаходзіцца пад уплывам некалькіх фактараў. Першы — гэта міжнародны фактар, гэта суадносіны валютных коштаў. Другое — гэта суадносіны таварных коштаў на глябальным рынку і тым, чым займаемся мы — нашы нафтапрадукты. Трэці фактар — нутраны рынак. І тут мы гаворым пра давер да эмітэнта. Даверу да эмітэнта беларускіх грошай няма, колькі б ні вішчэлі пра 80–90% гэтага даверу на выбарах. Вось гэты фактар можа і стаць вырашальным, калі людзі будуць панікаваць. І начальства ўсімі сіламі спрабуе патушыць вось гэтыя хваляваньні людзей».

Тым часам жыхары некаторых гарадоў Беларусі ўжо адзначылі адсутнасьць валюты ў банкаўскіх абменных пунктах. Ажыятажны попыт на яе назіраўся ў Віцебску і Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG