Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым можа выжываць і без мадэрнізацыі»


Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

На сайце газэты «Наша ніва» быў апублікаваны артыкул палітоляга Аляксея Пікуліка, акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

Галоўная думка артыкула — беларуская ўлада зараз стаіць на раздарожжы паміж некалькімі варыянтамі, і адзін зь іх — аўтарытарная мадэрнізацыя. Ці можа кіраўніцтва Беларусі выбраць менавіта гэты шлях, ці больш верагоднае далейшае замарожваньне грамадзкага і палітычнага жыцьця? Ці могуць Расея альбо Захад штурхаць Беларусь да эканамічных рэформаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Цыганкоў: «Размовы аналітыкаў пра магчымасьць аўтарытарнай мадэрнізацыі Беларусі ідуць ня першы год, але самой гэтай мадэрнізацыі пакуль не відаць. Што замінае беларускай уладзе пайсьці гэтай дарогай? Наколькі ўвогуле рэалістычны такі шлях, ці можа абраць яго кіраўніцтва Беларусі?»

Казакевіч: «Пытаньне ў тым, што лічыць мадэрнізацыяй. Калі гаварыць пра стварэньне сучаснай канкурэнтнай эканомікі, то тут асноўная перашкода — тое, што беларускі рэжым можа выжываць і бяз гэтага, без эфэктыўнай, канкурэнтаздольнай на ўсясьветных рынках эканомікі. Атрымліваючы пэўныя субсыдыі, выкарыстоўваючы розныя мэханізмы — усё гэта даволі добра апісана дасьледчыкамі і палітолягамі. Сама мадэль выжывае і так, яна ня ставіць ніякіх амбітных мэтаў».

Цыганкоў: «Але гэтыя субсыдыі, пра якія вы казалі, прыходзяць толькі з боку Расеі. У абмен Масква можа ставіць пэўныя ўмовы — прыватызацыю, продаж актываў, што можа прывесьці да аслабленьня ўплыву беларускай улады на ўласную эканоміку. Ці можа такая пагроза прывесьці да разуменьня Менскам неабходнасьці эканамічных рэформаў?»

Казакевіч: «Пэўныя эканамічныя рэформы ў той ці іншай ступені былі ў Беларусі за гэтыя гады. Аднак я ня думаю, што Расея стратэгічна зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі была сучасная канкурэнтаздольная эканоміка. Бо гэта аўтаматычна прывядзе да ліквідацыі яе кантролю за гэтай тэрыторыяй.

Вядома, Расея зацікаўленая мець тут маёмасьць, зацікаўленая ў пэўных рэформах у Беларусі, але толькі ў межах даволі вузкага калідора. Бо калі гэта будзе поўнамаштабная мадэрнізацыя, то гэта, па-першае, прывядзе да ўплыву замежных інвэстыцыяў, самага рознага паходжаньня, а па-другое, зробіць беларускую эканоміку больш незалежнай ад Расеі, больш арыентаванай на ўсясьветны, а не расейскі рынак. Стратэгічна гэта Расеі нявыгадна. Калі яна і будзе стымуляваць нейкую мадэрнізацыю ў Беларусі, дык толькі кропкава, у пэўных галінах».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG