Svenska Dagbladet
«Тое, што паміж прэзыдэнтамі Пуціным і Лукашэнкам існуе асабістая хімія, зусім ня добра. Аднак Пуцін мае задавальненьне, бо адчувае, што Беларусь знаходзіцца пад яго кантролем. Мэта Пуціна — стратэгічна ўмацаваць ўплыў Расеі ў „блізкім памежных раёнах“, якімі ёсьць Беларусь, Украіна і Казахстан. Але пад мікраскопам у Пуціна, калі ён робіць замежную палітыку і такія постсавецкія рэспублікі, як Грузія і Армэнія, Узбэкістан, Кіргізстан і Таджыкістан.
Таму ў выпадку непазьбежнасьці эканамічнага крызысу ў той жа Беларусі, Пуцін і раздае шчодрыя крэдыты Лукашэнку з тым, каб атрымаць вялікую частку беларускіх канкурэнтаздольных вытворчасьцей. Пры закрытых дзьвярах на Захад Лукашэнка можа плаціць больш высокую цану за дапамогу Масквы, аднак, гэта, здаецца, не турбуе дыктатара, пакуль ён застаецца ва ўладзе».
Süddeutsche Zeitung:
«Яшчэ некалькі гадоў таму межы паміж Усходам і Захадам здаваліся размытымі. Аднак ужо сёньня паміж дэмакратыямі і недэмакратыямі зноў вырасла сьцяна, якую раней быццам бы атрымалася разбурыць. Адна з прычын крыецца ў тым, што на Захадзе недаацанілі інэрцыйныя мэханізмы ўнутры ўсходнеэўрапейскіх палітычных элітаў.
…Лукашэнка можа дазволіць сабе працягваць свой нязьменны курс толькі таму, што Расія падтрымлівае яго грашыма. Масква ж сёньня спакойна ўспрымае пэрспэктыву пасварыцца з Захадам, паколькі ўсё больш і больш бачыць сваё эканамічнае шчасьце ў Азіі.
… У рэшце рэшт людзі павінны самі вырашыць, колькі яны гатовыя цярпець і калі захочуць паўстаць супраць сваіх уладароў — тут не дапамогуць і заходнія заклікі да дэмакратыі, зробленыя з самых добрых памкненьняў. Як бы гэта ні было балюча для Эўропы, да гэтага моманту яшчэ далёка — прычым, ня толькі ў Беларусі»
Sveriges Radio
Швэдзкая парлямэнтарка, сацыял-дэмакратка Моніка Грын вярнулася зь Менску, дзе назірала за выбарамі ў складзе дэлегацыі ПА АБСЭ. У размове з Sveriges Radio яна, што «гэта было сумна назіраць — наколькі недэмакратычныя выбары»
«Гэта вельмі закрытая краіна, апазыцыя адхіленая ад удзелу ў жыцьці краіны, многія кінутыя ў турым», кажа Моніка Грын, якая наведала дзесяць выбарчых участкаў у Менску.
Моніка Грын адзначае, што гэтым разам яўка на выбары была вельмі нізкай — каля 50%. Калі аб’явілі афіцыйныя дадзеныя — 70%, яна вельмі зьдзівілася.
Швэдзкая парлямэнтарка і іншыя назіральнікі ад ПА АБСЭ не маюць інфармацыі, як быў зроблены падлік галасоў, да якога яны не былі дапушчаныя»
Mitteldeutsche Zeitung
Свой артыкул выданьне назвала: «Новая сьцяна ў Эўропе»
Дзьверы ў ЭЗ, Лукашэнка закалаціў пасьля апошніх на прэзыдэнцкіх выбараў 2010. Тады ён, як яго называюць апанэнты, «апошні эўрапейскі дыктатар» разагнаў дубінкамі апазыцыю. Сотні праціўнікаў рэжыму былі арыштаваныя. Па-ранейшаму сядзець у лягерах 14 палітвязьняў. ЭЗ адрэагаваў санкцыямі на разгул гвалту. З таго часу Лукашэнка шукае падтрымку ў Расеі.
Відаць цяпер Лукашэнка мае намер узьвесьці новую сьцяну ў цэнтры Эўропы. Перад выбараміі ён сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным і папрасіў аб дапамозе ўзмацненьня мяжы на Захадзе, каб спыніць уцекачоў. Бо людзі могуць мець тыя ж матывы, што і жыхары колішняй «Рэспублікі ўцекачоў» — ГДР.
Der Spiegel:
У бліжэйшым часе Эўропа не пазбавіцца ад свайго «апошняга дыктатара». Такую выснову робіць маскоўскі карэспандэнт нямецкага тыднёвіка Der Spiegel, пішучы пра парлямэнцкія выбары ў Беларусі.
Тыднёвік лічыць, што выбары ўзмацнілі кіраўніка Беларусі, які «атрымлівае карысьць ад глыбокіх падзелаў сярод сваіх апанэнтаў і нават пабольшыў сваю падтрымку ў грамадзтве».
Der Spiegel адзначае, што афіцыйна абвешчаная яўка на выбарах (74,2%) значна адрозьніваецца ад ацэнак назіральнікаў ад апазыцыі на выбраных участках (30%-40%).
Die Welt:
«Беларускія ўлады, запрасіўшы на выбарчыя ўчасткі артыстаў і адкрыўшы буфэты з таннымі гарэлкай, цукеркамі і садавіной, надалі выбарам характар народнага гуляньня. Паводле апытаньняў, больш за палову беларусаў былі перакананыя, што ад іх голасу склад парлямэнту не залежыць. У добрым савецкім стылі выбарцы прыйшлі выканаць рытуал. Пэнсіянэры прыйшлі з унукамі і падымалі іх, каб дзеці кідалі бюлетэні ў скрыню. Таксама аўтарытарны прэзыдэнт Лукашэнка прыйшоў на ўчастак са сваім сынам Колем».
Der Standart:
«Беларуская апазыцыя стала яшчэ больш раздробленай і ня можа дамовіцца аб стратэгіі, якая магла б аб’яднаць насельніцтва вакол яе. Перш за ўсё, аднак, Лукашэнка мае падтрымку з Масквы. Дзякуючы крэдытам і нізкім коштам на газ Расея падтрымлівае пры жыцьці беларускую эканоміку, зь якой ужо здолела адхапіць самыя смачныя кавалкі. Новаму старому валадару ў Крамлі Пуціну выгодней мець у суседняй дзяржаве залежнага ад сябе дыктатара, падабаецца ён яму ці не, чым лідэра, чыя краіна шукае збліжэньня з Эўропай. Пакуль у Расеі пануе пуцінізм, наўрад ці нешта ў Беларусі павернецца ў лепшы бок».
Frankfurter Rundschau:
«Любыя выбары ў Беларусі — фарс, і парляменцкія выбары, якія праходзілі ў мінулую нядзелю, толькі лішні раз даказалі гэтую ісьціну. Але якія высновы павінны зрабіць тыя, хто жадае дэмакратызацыі? У беларускай апазыцыі не было адзінства па гэтым пытаньні, і гэтыя спрэчкі прымушаюць яе выглядаць яшчэ слабей, чым яна ёсьць на самой справе. Частка апазыцыі з самага пачатку байкатавала выбары, другая — ўдзельнічала ў іх, трэцяя — у самы апошні момант зьняла сваіх кандыдатаў.
Асуджаць за гэта апазыцыю — справа пустая. Яна стаіць перад той самай дылемай, што і Эўразьвяз: як далёка можна зайсьці, супрацоўнічаючы з рэжымам, каб паўплываць хоць на штосьці? За два дзесяцігодзьдзі свайго кіраваньня Лукашэнка зачысьціў і заасфальтаваў палітычнае поле. Жыцьця на ім больш няма ніякага, у адрозьненьні ад суседняй Расеі, дзе прынамсі існуе барацьба партый у парлямэнце і праходзяць пратэсты ў Маскве. А што ў Беларусі засталося, дык гэта асабістая ўлада аднаго чалавека, і калі яго проста замяніць іншым, то лепш ад гэтага ня стане.
Беларуская апазыцыя, як і Захад, павінна прызнаць горкую праўду: асновы дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі разбураныя ўшчэнт. Той, хто жадае зноў іх закласьці, павінен думаць у маштабе дзесяцігодзьдзяў ці цэлых пакаленьняў — і згаджацца на агідныя кампрамісы».