Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівасьці сёлетняга датэрміновага галасаваньня


Асаблівасьці сёлетняга датэрміновага галасаваньня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:17:17 0:00
Наўпроставы лінк

За тры апошнія дні ў краіне прагаласавалі 12,5% выбарцаў. Навошта ўладам патрэбна датэрміновае галасаваньне? Ці ёсьць нейкія адрозьненьні ў працэсе галасаваньня сёлета? Як насельніцтва рэагуе на прымус?

Удзельнікі: нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

Навошта ўладам патрэбна датэрміновае галасаваньне?


Валер Карбалевіч: «Датэрміновае галасаваньне існуе ў Беларусі шмат гадоў. І ўсе гады ўсё адбываецца паводле аднолькавага сцэнару. Пад прымусам уладаў датэрмінова галасуе 20–30% насельніцтва. Апазыцыя і незалежныя назіральнікі заўсёды абвінавачваюць улады ў тым, што ўсе гэтыя галасы фальсыфікуюцца на карысьць праўладных кандыдатаў.

Але ў мяне ўзьнікае простае і адначасова дзіўнае пытаньне: навошта ўладам патрэбна датэрміновае галасаваньне? Патрэбны вынік выбараў дасягаецца з дапамогай своеасаблівай мэтодыкі падліку галасоў. Калі гэта ўвогуле можна назваць падлікам. Пры такіх абставінах датэрміновае галасаваньне не патрэбнае.

Больш за тое, на мой погляд, мінусаў для ўлады ад яго больш, чым плюсаў. Бо ўлады ж ставяць задачу ўпэўніць грамадзтва ў справядлівасьці выбараў. І без датэрміновага галасаваньня гэтую задачу выканаць прасьцей. Бо за падлікам галасоў назірае невялікая купка назіральнікаў, выбарцы там не прысутнічаюць. А вось прымус да датэрміновага галасаваньня носіць масавы характар, яго немагчыма схаваць. Таму ўлады самі сабе псуюць карціну. Навошта?»

Віктар Карняенка: «Улады спасылаюцца на ўсясьветны досьвед. Нібыта Беларусь — вялікая марская дзяржава, таму трэба сабраць галасы падарожнікаў ці аленяводаў з тундры. Інстытут датэрміновага галасаваньня для нашай краіны абсалютна штучны і надуманы. Ён быў створаны яшчэ ў той час, калі кіраўніцтва краіны імкнулася спадабацца Захаду, даказаць, што ў нас свабодныя выбары.

Цяпер з дапамогай датэрміновага галасаваньня ўлада павялічвае базу для магчымых маніпуляцыяў і фальсыфікацыяў. Для такога сьцьверджаньня ёсьць доказы. Дастаткова ўзгадаць вядомага падпалкоўніка міліцыі Казлова, які распавёў, як напярэдадні дня галасаваньня старшыня выбарчай камісіі прасіла ў яго ключы, каб памяняць бюлетэні.

Паводле закону бюлетэні з усіх скрыняў (для датэрміновага галасаваньня, галасаваньня на даму, галасаваньня ў асноўны дзень) павінны лічыцца асобна. У нас часта гэта парушаецца, усё звальваецца ў адну кучу, каб схаваць фальсыфікацыі. І датэрміновае галасаваньне — гэта не асноўны элемэнт, а адзін з складнікаў сыстэмы фальсыфікацый».
Датэрміновае галасаваньне — гэта не асноўны элемэнт, а адзін з складнікаў сыстэмы фальсыфікацый

Уладзімер Лабковіч: «Датэрміновае галасаваньне вырашае некалькі задач.

Па-першае, зь яго дапамогай вырашаецца праблема яўкі. Калі на датэрміновае галасаваньне загнаць 30–35%, то ў асноўны дзень галасаваньня можна набраць 15–20%, і, такім чынам, выбары адбудуцца.

Па-другое, каб мець фору на выпадак, калі мэтодыка падліку галасоў дасьць збой. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году на тых участках, дзе адбываўся разьдзельны падлік галасоў, высьветлілася, што ў скрынях для датэрміновага галасаваньня за Лукашэнку было 80–90% галасоў, а ў скрыні зь бюлетэнямі асноўнага дня галасаваньня — 30–40%.

Па-трэцяе, датэрміновае галасаваньне патрэбнае на той выпадак, калі спатрэбіцца сумленны падлік галасоў».

Асаблівасьці сёлетняга галасаваньня


Карбалевіч: «Ці ёсьць нейкія адрозьненьні ў працэсе галасаваньня сёлета? Ці ёсьць розьніца ў лічбах у параўнаньні зь мінулай парлямэнцкай кампаніяй? Як паўплываў на датэрміновае галасаваньне абвешчаны большасьцю апазыцыі байкот выбараў?»

Карняенка: «Лічбы прыкладна супадаюць. Гэта азначае, што выбарчая сыстэма працуе як гадзіньнік. Увогуле, аўтарытарная ўлада трымаецца на запужваньні насельніцтва, на дэманстрацыі сілы: маўляў, мы ўсё кантралюем, зробім, што захочам.

Датэрміновае галасаваньне выкарыстоўваецца ў адносінах да той катэгорыі насельніцтва, якая найбольш залежная ад улады: студэнты, вайскоўцы і інш. Прычым выкарыстоўваецца ня толькі ціск, але і бонусы: дадатковы дзень адпачынку, адгул, працягненьне канікул і інш. Думаю, што цяпер датэрмінова прагаласуе каля 30% выбарцаў».

Лабковіч: «Кампанія байкоту на датэрміновае галасаваньне не паўплывала. Мы праводзім доўгатэрміновае назіраньне ў 106 выбарчых акругах. І нашы назіральнікі кампаніі байкоту не заўважылі.
Кампанія байкоту на датэрміновае галасаваньне не паўплывала

Калі казаць пра асаблівасьці, то я б адзначыў два моманты. Па-першае, узмацніўся ціск на выбарцаў, маштаб маніпуляцыяў (напрыклад, штучнае скарачэньне сьпісу выбарцаў, што павялічвае працэнт яўкі). Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня, 18 сьнежня 2010 году, розьніца ў колькасьці тых, хто прагаласаваў датэрмінова, паміж дадзенымі назіральнікаў і афіцыйнымі дадзенымі склала крыху больш за 2%. Сёньня пасьля трох дзён галасаваньня гэтая розьніца склала 5,5%».

Па-другое, і падчас мінулых выбараў, і цяпер мы заклікалі людзей слаць нам відэа- і аўдыёматэрыялы з фактамі прымусу, фальсыфікацыяў і іншых парушэньняў. Дык вось, падчас прэзыдэнцкіх выбараў мы атрымалі дзясяткі падобных матэрыялаў. А вось сёлета мы такіх матэрыялаў не атрымліваем. Мы гэта тлумачым большай атмасфэрай страху, чым два гады таму».

Як насельніцтва рэагуе на прымус?


Карбалевіч: «Вось на гэтую тэму. Нядаўна адзін зь лідэраў апазыцыі мне сказаў: чым большы будзе ціск на людзей з мэтай прымусіць іх да датэрміновага галасаваньня, тым лепш, бо людзі пачнуць абурацца, а сацыяльная атмасфэра ў краіне і так напружаная. А ці так гэта насамрэч? Можа, людзі прызвычаіліся да ціску і лічаць гэта нормай? І чым большы будзе ціск, тым большы страх?»

Карняенка: «Справа ў тым, што падчас гэтых выбараў дзейнічае такі чыньнік. Ніхто ня лічыць парлямэнт уладай. Таму для насельніцтва цяперашнія выбары — гэта нейкі рытуал, які ні на што не ўплывае. І ня варта спадзявацца, што сёлета ціск створыць спружыну, якая можа расьціснуцца. Але крытычная маса незадаволенасьці назапашваецца ў грамадзтве, і калі-небудзь яна спрацуе».

Лабковіч: «Усё гэта вынік поўнай дэвальвацыі выбараў, палітыкі як такой. Думаю, калі і будзе публічнае абурэньне, пратэст, то гэта адбудзецца ня дзякуючы працы апазыцыі, а ў выніку дзеяньняў улады, якая „дастане“ народ настолькі, што той ня вытрымае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG