Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: Гэта ня наша інструкцыя!

абноўлена

Інструкцыя для праўладных назіральнікаў (фота)
Інструкцыя для праўладных назіральнікаў (фота)

Назіральнікі здолелі сфатаграфаваць інструкцыю для праўладных назіральнікаў, якую распаўсюджваюць па выбарчых участках, паведамляе прэс-служба БХД.

У інструкцыі для ўнутраных назіральнікаў ад афіцыйных органаў улады, апублікаванай на сайце БХД, няма ніводнага слова пра кантроль за сумленнасьцю выбараў, а толькі пра тое, як трэба супрацьстаяць мясцовым і міжнародным назіральнікам.


Сфатаграфаваў гэтую інструкцыю назіральнік з Глыбокага Зьміцер Лупач (Докшыцкая акруга № 22):

«Гэта ў нас раскладзена па ўсім раёне на выбарчых участках. Гэта як бы для сваіх назіральнікаў. Гэта проста ляжыць на сталах, дзе павінны сядзець назіральнікі. Там тры былі гэтыя паперкі: адна — гэта была перадрукоўка

13-га артыкула Выбарчага кодэксу, потым анкета, якую павінен запоўніць назіральнік, і да гэтай анкеты прыкладаецца гэтая папера. Хоць у нас паводле Выбарчага кодэксу назіральнікі ня дзеляцца на ўнутраных і альтэрнатыўных, як там напісана. Але так атрымліваецца, што яны падзяляюць».

Унутраныя назіральнікі вылучаюцца арганізацыямі, установамі, працоўнымі калектывамі ці групамі грамадзянаў шляхам збору подпісаў.


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік так пракамэнтаваў гэтую інфармацыю:

«Я ня думаю, што гэта могуць раздаваць на выбарчых участках.Такога быць ня можа. З боку арганізатараў выбараў такіх інструкцый не распрацоўвалася і не раздавалася. Заява пра тое, што гэта справа арганізатараў выбараў, участковай камісіі, яшчэ падлягае сур’ёзнаму вывучэньню і разгляду. А дакладней, там няма чаго і разглядаць».


Чым адрозьніваецца праца назіральнікаў праўладных арганізацый ад працы назіральнікаў дэмакратычных арганізацый?


Назіральніца зь Менску Ірына Вярбоўская падзялілася сваімі назіраньнямі, што назіральнікі ад праўладных структураў ня сочаць за парушэньнямі:

«Не, яны сядзяць ціхенька і маўчаць. Паміж сабой яны размаўляюць пра адсоткі, якія ідуць па краіне. Кажуць, тут некаторыя дэстабілізуюць, каб я чула. Але гэтыя правакацыі я стараюся адсоўваць. Ну і ўсё, сядзяць, у столь глядзяць. Яны ў большасьці сваёй сыходзяць, пасядзеўшы гадзіну-дзьве».


Назіральнік ад руху «За свабоду» Аляксандар Марчанка распавёў:

«Адрозьніваецца вельмі проста. Гэтыя прыходзяць зь нейкімі газэтамі і часопісамі, глядзяць у столь, пасядзяць хвілін 30 ці гадзіну і сыходзяць. Іх нічога не цікавіць. Яны добра знаёмыя зь сябрамі выбарчай камісіі, нават з адной арганізацыі, здаецца. Спажываюць каву, печыва. А той, хто сапраўдны назіральнік — лічыць галасы, глядзіць нейкія парушэньні. Учора да мяне падышоў нейкі назіральнік, які не даваў мне лічыць галасы, усё задаваў нейкія пытаньні. Нібыта ён наагул нічога ня ведае. Зь нейкай арганізацыі „За мір“. Нам, ад дэмакратычных сілаў, сапраўдным назіральнікам, не хапала месца. Я там адзін дзень патрабаваў, каб мне дадатковае крэсла прынесьлі. Я, шчыра кажучы, адчуваю сябе анучай, якую кінулі на брудную падлогу і лукашысты выціраюць свае брудныя боты».


Радыё Свабода для параўнаньня адшукала інструкцыю для незалежных назіральнікаў кампаніі «За справядлівыя выбары», а таксама Кодэкс паводзінаў НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ АБСЭ (глядзіце ніжэй на сайце па-беларуску).

АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАНЬНІ ДА ЎНУТРАНАГА НАЗІРАЛЬНІКА НА ЎЧАСТКУ ДЛЯ ГАЛАСАВАНЬНЯ


1. Разумная актыўнасьць. Галоўнае ў працы назіральніка — не ствараць перашкодаў у працы камісіі.

2. Дабразычлівасьць у кантактаваньні. Падтрымка бесканфліктнага асяродзьдзя (уменьне гасіць канфлікты, якія ўзьнікаюць)

3. Прынцыповасьць у адстойваньні дзяржаўных інтарэсаў пры парушэньні выбарчага заканадаўства альтэрнатыўнымі назіральнікамі, складаньне адпаведных актаў і заяваў

4. Адкрытасьць для дыялёгу, пераканаўчасьць у кантактаваньні зь міжнароднымі назіральнікамі.

5. Спакойны ўзважаны падыход.

6. Веданьне Выбарчага кодэксу РБ, сваіх правоў і абавязкаў (арт. 13)

7. Складаньне актаў і заяваў на адрас міжнародных назіральнікаў 8. Арганізаваная праца па перадачы інфармацыі на рэспубліканскую гарачую лінію (пры неабходнасьці)

Кодэкс паводзінаў НАЗІРАЛЬНІКАЎ БДІПЧ АБСЭ

  1. Назіральнікі павінны захоўваць строгую неперадузятасьць пры выкананьні сваіх абавязкаў і ні ў якім разе не павінны выказваць ці дэманстраваць перадузятасьці або сымпатыяў у адносінах да ўладаў, партыяў, кандыдата або ў адносінах да якіх-небудзь спрэчных пытанняў, якія ўзьнікаюць у працэсе выбараў.
  2. Назіральнікі павінны выконваць свае абавязкі ў ненавязьлівай манэры і не павінны ўмешвацца ў выбарчы працэс. Назіральнікі могуць задаваць пытаньні прадстаўнікам выбарчых органаў і могуць прыцягваць іх увагу да невыкананьня права, але яны не павінны даваць ніякіх указаньняў або прадпрымаць дзеяньні, якія рахыодзяцца з рашэньнямі выбарчых камісіяў.
  3. Назіральнікі павінны выконваць свае абавязкі на працягу ўсяго дня галасаваньня, уключаючы назіраннье за працэсам падліку галасоў, і, калі яны атрымалі адпаведныя інструкцыі, яны павінны назіраць за наступнай стадыяй падвядзеньня вынікаў.
  4. Заключэньні назіральнікаў павінны быць заснаваныя на іх асабістых назіраньнях або на ясных і пераканаўчых фактах і доказах.
  5. Назіральнікі не павінны даваць ніякіх камэнтароў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі аб выбарчым працэсе або аб сутнасьці сваіх назіраньняў.
  6. Любыя камэнтары прадстаўнікам СМІ павінны абмяжоўвацца агульнай інфармацыяй аб працы місіі і аб ролі назіральнікаў.
  7. Назіральнікі не павінны падвяргаць сябе неабгрунтаванаай або празьмернай рызыцы. Асабістая бясьпека кожнага назіральніка зьяўляецца прыярытэтам над любымі іншымі меркаваньнямі.
  8. Назіральнікі павінны мець пры сабе пасьведчаньне, выдадзенае урадам ці выбарчай камісіяй, і павінны яго прад'яўляць па просьбе любых прадстаўнікоў уладаў.
  9. Назіральнікі павінны выконваць усе дзяржаўныя законы і правілы.
  10. Назіральнікі павінны заўсёды дэманстраваць высокі ўзровень асабістай разважлівасьці і прафэсіяналізму.
  11. Назіральнікі павінны прысутнічаць на ўсіх інструктыўных нарадах і нарадах па падвядзеньні вынікаў, выконваць плян разьмяшчэньня і прытрымлівацца ўсіх астатніх інструкцыяў, якія дае ім місія БДІПЧ па назіраньні за выбарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG