Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «У Эўропе гульні з Бакіевым нікога не цікавяць»


Сяргей Богдан
Сяргей Богдан

Сяргей Богдан, дасьледчык з Унівэрсытэту Гумбальдта ў Бэрліне камэнтуе канфлікт Беларусі і Кіргізстана.

«Сама па сабе справа Бакіева вельмі доўгі час нікога асабліва не турбавала. Езьдзілі туды-сюды высокія госьці. І Кіргізстан падтрымліваў Беларусь па дастаткова важных для нас галасаваньнях. І аж пакуль Джаныша Бакіева не знайшлі ў Менску, то ўвогуле нікому гэты Курманбек Бакіеў ня быў патрэбны.

Калі ж Джаныш знайшоўся ў Менску, тым больш, што ён лічыцца галоўным злодзеем, то ізноў гэтае пытаньне ўзьнялося, прычым найперш ва ўнутранай палітыцы Кіргізстана. Зразумела, што скрайнім тут апынуўся пэрсанал нашай амбасады і такія сымбалічныя „мішэні“, якія абураныя кіргіскія пратэстоўцы маглі знайсьці.

У зьнешнепалітычнай плашчыні, вельмі сумнеўна, што кіргіскі бок даможацца сур’ёзнага разгляду пытаньня пра выдачу Курманбека ці нават Джаныша Бакіевых.

Само знаходжаньне Бакіевых у Беларусі не настолькі экстраардынарнае. Урэшце Максім Бакіеў, якога ў Кіргізстане дэманізуюць нашмат больш, і які па грунтоўных падставах абвінавачваецца ў злачынствах, цудоўна сябе адчувае ў Лёндане, знаходзіцца там, здаецца, з 2010 году, спрабуе атрымаць прытулак.

Я думаю, што ніхто ўсур’ёз гэтыя гульні з Бакіевым у Эўропе не ўспрымае. Ужо само тое, што Бакіеў прыляцеў у Беларусь, азначае, што гэты чалавек быў мала істотны. Проста адзін з мафіёзных царкоў на абшарах былога Савецкага Саюза.

Усе больш-менш важкія палітычныя фігуры, якіх Лукашэнка нават хацеў бы бачыць каля сябе як палітычны козыр, накшталт Мілошавіча, Хусэйна ці нават Кадафі, ніхто ж зь іх да Беларусі не паехаў. Бо гэта былі нашмат сур’ёзьнейшыя людзі. А Бакіеў —дробная фігура. Яна і ў Кіргізстане ўжо нікога, бадай, не абыходзіць, апроч сем’яў тых людзей, якія былі забітыя гэтым чалавекам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG