Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адным віцебскім участку не ўлічылі больш за тысячу выбарцаў


"Страчаны" дом па вуліцы Петруся Броўкі

Жыхары двух дзевяціпавярховых дамоў па вуліцы Петруся Броўкі ня трапілі ў сьпісы выбарцаў на ўчастку № 44 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18.

Адсутнасьць насельнікаў дамоў № 37 і № 39 у сьпісах выбарцаў выявіў актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Парсюкевіч, давераная асоба кандыдата Аляксея Гаўруцікава.

«У пераліку дамоў, замацаваных за 44-м участкам, які вісіць на ўваходзе ў школу № 42, гэтых дамоў няма. Але ў сьпісе на ўваходных дзьвярах на ўчастак для галасаваньня яны ёсьць. Таму я і зацікавіўся: як такое можа быць», — апавёў спадар Парсюкевіч.

Ва ўчастковай камісіі актывісту сказалі, што ня ведалі пра тое, што гэтыя дамы ўваходзяць у межы выбарчага ўчастку № 44. Але на гарадзкой мапе, якая вісіць у памяшканьні акруговай камісіі, гэтыя два дамы адносяцца якраз да тэрыторыі Віцебскай-Чкалаўскай акругі № 18.

Участковая камісія паабяцала заносіць тых, хто з гэтых дамоў прыйдзе галасаваць на ўчастак № 44, у дадатковыя сьпісы.

«Дом № 37 у Віцебску быў заселены ў канцы 2010 году. Гэта вялікі дом, там 7 пад’ездаў, прыкладна 250 кватэр. Столькі ж — у доме № 39, яго здалі ў 2011 годзе. Калі камісія скарыстала на гэтых выбарах нейкія старыя сьпісы, то гэта сьведчыць пра яе нядобрасумленнасьць. Але не выключаю, што гэта зроблена знарок, каб скарыстаць галасы выбарцаў. Самае простае — гэта падвысіць працэнт яўкі на выбары за кошт няўлічаных дамоў. Бо колькі б людзей ні прыйшло адтуль галасаваць, можна запісаць яўку 100 адсоткаў, бо ў сьпісе ня будзе прозьвішчаў тых, хто не зьявіўся», — кажа Сяргей Парсюкевіч.

Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксей Гаўруцікаў накіраваў у Цэнтравыбаркам заяву, дзе распавёў пра парушэньне выбарчага заканадаўства. Таксама кандыдат просіць Віцебскі аблвыканкам прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў адміністрацыі Першамайскага раёну і Віцебскага гарвыканкаму, вінаватых у гэтым парушэньні.
XS
SM
MD
LG