Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі арыштавалі 10 турэмшчыкаў


Пратэст у Тбілісі супраць катаваньняў вязьняў
Пратэст у Тбілісі супраць катаваньняў вязьняў

У Грузіі суд санкцыянаваў двухмесячны арышт 10 супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы, затрыманых у сувязі з апублікаваньнем апазыцыйнымі тэлеканаламі відэазапісу катаваньняў зьняволеных у Глданскай турме ў Тбілісі.

Іх абвінавачваюць у дзеяньнях, якія зьневажаюць годнасьць чалавека, і ў катаваньнях.

Сярод арыштаваных — дырэктар Глданской турмы і яго намесьнік. Абвінавачваньні выстаўленыя яшчэ аднаму супрацоўніку гэтай папраўчай установы, Уладзіміру Бэдукадзэ, які цяпер знаходзіцца у Бэльгіі. Менавіта ён распаўсюдзіў відэазапісы катаваньняў. Улады Грузіі абвясьцілі яго ў вышук.

Сам Бэдукадзэ сёньня заявіў, што працаўнікі Глданскай турмы падбіралі зьняволеных для катаваньняў, у асноўным, паводле палітычных матывацый — тых, хто зьяўляўся «ідэалягічным ворагам» прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Паводле яго словаў, зьдзекі фіксаваліся на стужцы зь ведама начальніка турмы, а большасьць відэазапісаў захоўваюцца ў сэйфе міністра ўнутраных справаў. На іх, як сьцьвярджаецца, зафіксаваныя выпадкі забойстваў і згвалтаваньняў вязьняў.

«Я папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі. Мая сям’я застаецца ў закладніках у Грузіі, і я патрабую, каб бэльгійскі ўрад даў палітычны прытулак таксама і ім» — сказаў Бэдукадзэ карэспандэнту нашага радыё ў Брусэлі.

Бэдукадзе запярэчыў чуткам, што ён апублікаваў відэа са зьдзекамі ў турме пасьля таго, як атрымаў грошы ад апазыцыі, якая нібыта была зацікаўленая ў кампрамэтацыі прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі перад парлямэнцкімі выбарамі 1 кастрычніка. Ён таксама запярэчыў чуткам, што за відэа яму заплаціў былы генэрал грузінскай міліцыі Тамаз Тамазашвілі, які быў вязьнем згаданай турмы, калі Бэдукадзе працаваў там наглядчыкам.

«Наколькі я ведаю, у Грузіі затрымалі траіх маіх калегаў, турэмных ахоўнікаў, і цяпер іх катуюць, каб прымусіць даць паказаньні супраць мяне, каб яны сказалі, што я сябраваў з Тамазашвілі і што я атрымаў хабар ад яго, каб здымаць гэтыя відэа. Гэта хлусьня, гэта паклёп. У мяне няма ніякіх зносін з генэралам Тамазашвілі, і я ніколі ня быў чальцом ніякай апазыцыйнай партыі».

У шмат якіх гарадах Грузіі 19 верасьня прайшлі акцыі пратэсту з патрабаваньнем пакараць вінаватых за зьдзекі ў турме ў Тбілісі. У сувязі са скандалам падала ў адстаўку міністар выкананьня пакараньняў Грузіі Хатуна Калмахэлідзэ. Прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі распарадзіўся правесьці рэформу пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG