Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закрытасьць пэнітэнцыярнай сыстэмы спрыяе росквіту зьдзекаў і катаваньняў»


У Грузіі тысячы людзей выйшлі на акцыі пратэсту пасьля таго, як два тэлеканалы — «Маэстра» і «ТВ-9» — паказалі запісы катаваньняў і зьдзекаў у турмах. Кадры зьбіцьця, зьдзекаў і згвалтаваньняў зьняволеных у Глданскай турме № 8 у Тбілісі распаўсюдзіла Міністэрства ўнутраных спраў.

Пасьля гэтага міністар выкананьня пакараньняў, прабацыі і юрыдычнай дапамогі Грузіі Хатуна Калмахедзідзэ падала ў адстаўку. МУС затрымала трох супрацоўнікаў турмы. А прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі выступіў з адмысловым зваротам да народу, асудзіўшы катаваньні вязьняў.

Дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка кажа: тое, што адбылося ў Грузіі — гэта, вядома, дзікунства, але, прынамсі, насельніцтва Грузіі, зьняволеныя маюць правы і маюць магчымасьць іх абараніць, чаго пазбаўленыя жыхары Беларусі, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Калі ў Грузіі, якая лічылася да сёньняшняга дня проста ідэалам што да правоў зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі, адбываюцца такія рэчы, якія дзякуючы дэмакратызацыі Грузіі робяцца здабыткам публічнасьці, то можна толькі ўявіць, што адбываецца ў беларускіх вязьніцах! Мы як праваабаронцы ня раз заяўлялі пра катаваньні ў беларускіх турмах, праводзілі некалькі канфэрэнцыяў са сьведкамі. Аднак сама закрытасьць пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Беларусі спрыяе росквіту зьдзекаў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня са зьняволенымі. Гэта ні для кога не сакрэт».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў, што пры праваабарончым цэнтры «Вясна» зараз працуе праграма маніторынгу пэнітэнцыярнай сыстэмы. У гэтым пляне «Вясна» супрацоўнічае ў якасьці экспэрта з Паўлам Сапелкам, які 20 гадоў працаваў адвакатам, спэцыялізаваўся на крымінальных справах. Актыўна лістуючыся зь вязьнямі, спадар Сапелка добра ведае пра сытуацыю ў турмах:

Павал Сапелка
Павал Сапелка
«Такая зьява, як катаваньні, якія выкарыстоўваюцца з мэтай „выбіваньня“ паказаньняў, ёсьць. Ёсьць і так званыя „прэс-хаты“. Нядаўна да нас зьвярнуўся жыхар Баранавічаў і распавёў, як да яго сына па прозьвішчы Плакса ўжываліся катаваньні: яго закоўвалі ў кайданкі, рабілі „ластаўку“, зьбівалі дубінкамі. Факты гэтыя ёсьць. Іншая справа, што няма ў нас незалежных электронных сродкаў масавай інфармацыі. Таму факты гэтыя, як правіла, вельмі лятэнтныя. Людзі баяцца скардзіцца, бо ведаюць, што не даб’юцца справядлівасьці, як бацька таго Плаксы.

Закрытасьць сыстэмы, адсутнасьць грамадзкага кантролю за структурамі МУС, за пэнітэнцыярнай сыстэмай — а закрытасьць сыстэмы, вядома ж, правакуе тое, што там адбываецца».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG