Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 год таму «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі


19 верасьня 1991 нацыянальным сымбалям быў нададзены статус дзяржаўных, а краіна атрымала новую назву – Рэспубліка Беларусь.

Нечарговая верасьнёўская сэсія Вярхоўнага Савету, як і папярэдняя, жнівеньская, была скліканая на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ для прыняцьця рашэньняў, неабходных для стварэньня інстытуцыяў толькі што ўтворанай незалежнай дзяржавы. Дэпутатам БНФ удалася ўнесьці ў павестку дня сэсіі пытаньні пра дзяржаўную сымболіку – яго разгляд быў прызначаны на 19 верасьня.

За некалькі дзён да галасаваньня з ініцыятывы Зянона Пазьняка ў фае Дому ўраду мастакі – сябры БНФ зрабілі выставу, якая адлюстроўвала гісторыю «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. Як потым прыгадвалі многія дэпутаты, шмат для каго пададзеныя на выставе зьвесткі былі адкрыцьцём.

Сэсію вёў Станіслаў Шушкевіч, які за дзень да гэтага, 18 верасьня, быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету (з 25 жніўня, калі быў адпраўлены ў адстаўку Мікалай Дземянцей, ён выконваў абавязкі старшыні).

З інфармацыяй на сэсіі выступіў старшыня камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч, які, аднак, выказаў папрокі ў бок дэпутатаў-камуністаў, што выклікала ў іх шумную рэакцыю незадавальненьня. Іх паспрабаваў супакоіць намесьнік старшыні камісіі Алег Трусаў. Пра гісторыю нацыянальных сымбаляў распавёў у сваім выступе Валянцін Голубеў.

У часе дыскусіі выказваліся прапановы зрабіць новыя варыянты герба і сьцяга, а таксама правесьці па гэтым пытаньні рэфэрэндум.

Акрамя дэпутатаў, на сэсіі выступілі былы старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Георгі Таразевіч, які пракамэнтаваў заявы адносна таго, што нацыянальныя сымбалі выкарыстоўваліся калябарантамі ў часе вайны, а таксама прэзыдэнт АН Уладзімер Платонаў.

Для прыняцьця станоўчага рашэньня патрабавалася канстытуцыйная, альбо «кваліфікаваная» большасьць, г.зн. – дзьве траціны галасоў (у той момант – 231) ад колькасьці абраных дэпутатаў, паколькі апісаньне герба і сьцяга ўтрымлівалася ў Канстытуцыі. Пры першым галасаваньні не хапіла 10 галасоў. Тады прагучала прапанова выдаліць з Канстытуцыі апісаньне, пакінуўшы толькі палажэньне, што Беларусь мае герб і сьцяг – у такім выпадку для прыняцьця рашэньня дастаткова было «простай» большасьці – паловы дэпутатаў плюс адзін голас (173 галасы).

Супраць такога варыянту выступіў дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

Прапанова ставіцца на галасаваньне, але не набірае 10 галасоў.

Тады Пазьняк зьвярнуўся да дэпутата ад вэтэранскай арганізацыі Міхаіла Жукоўскага: «Кажу: "Міхаіл Дзьмітравіч, нацыянальная дзяржава вышэй усялякай партыйнай ідэалёгіі. Калі мы ня будзем яе мець, ня будзем мець яе нацыянальных сымбаляў, то мы ня будзем мець нічога. Мы станем нічым. Я вельмі Вас прашу... Адзін раз у жыцьці... Прагаласуйце за Сьцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж – беларусы!". Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: "Добра. Я прагаласую". І прагаласаваў».

У выніку набралася роўна столькі галасоў, колькі было патрэбна для прыняцьця станоўчага рашэньня – 231.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» зрабіліся дзяржаўнымі сымбалямі.

У той жа дзень была зьмененыя і назва краіны – замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яна пераўтварылася ў Рэспубліку Беларусь.


Больш падрабязна пра падзеі 19 верасьня 1991 году – «Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG