Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Уладзімер Шанцаў вярнуў ахвяраваныя на выбары грошы


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Магілёва Ўладзімер Шанцаў вымушана закрыў свой выбарчы рахунак у ашчадным банку «Беларусбанк».

Пералічаныя на рахунак актывіста прыхільнікам партыі грошы вернутыя яму назад. Паводле Шанцава, з ахвяраваных 500 тысяч рублёў утрымана на падаткі амаль пяцьдзесят тысяч.

Шанцаў: «Я ня змог скарыстаць гэтыя 500 тысяч на патрэбы сваёй перадвыбарчай кампаніі. Улёткі ў абласной друкарні адмовіліся мне друкаваць. У прыватных друкарнях, пачуўшы, што я вылучэнец ад АГП заяўлялі, што яны загружаныя працай. Скарыстаць сродкі на аплату транспартных выдаткаў, альбо на паслугі сувязі не выпадала, бо надта складаная працэдура пераліку. Я прыняў рашэньне, што грошы трэба вяртаць, балазе, знайшліся й рэквізыты таго, хто іх пералічыў на мой рахунак. Я перад ім выбачаўся. Патлумачыў сытуацыю. Я не хачу, каб гэтыя 500 тысяч пайшлі на ўтрыманьне АМАПу».

Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад АГП на Магілёўшчыне сталі шасьцёра партыйных актывістаў. За час агітацыйнай кампаніі ў Магілёве чацьвёра зь іх не правялі ніводнага агітацыйнага пікета. Не распаўсюджвалі партыйцы й друкаваных матэрыялаў, бо ніхто ня браўся іх памнажаць. Перадвыбарчыя праграмы актывістаў былі апублікаваныя ў абласной газэце «Магілёўскія ведамасьці».

Зь шасьці кандыдатаў па тэлебачаньні выступілі са зваротам да выбарцаў двое — Уладзімер Шанцаў і Аляксей Паўлоўскі. У дэбатах узялі ўдзел трое — Шанцаў, Паўлоўскі ды Мікалай Расюк.

Адзін агітацыйны пікет быў арганізаваны ў Бабруйску камандай сябра АГП Мацьвея Хатары. Яму аднак не далі выступіць па дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Раёнка «Бабруйскае жыцьцё» адмовілася друкаваць перадвыбарчую праграму актывіста.

У рэгіёне толькі Ўладзімер Шанцаў адкрыў свой уласны выбарчы рахунак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG