Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкаваў Полацкі вінаробчы завод


Стыхійны страйк на пачатку працоўнага дня доўжыўся каля гадзіны. Рабочыя пакінулі працоўныя месцы і выйшлі на вуліцу на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў.

Абяцаньні падвысіць заробкі працаўнікі чуюць ужо каля пяці месяцаў, кажа грузчык Віктар Расьлякоў:

«У нас усе цэхі спыніліся, самі спынілі працу, выйшлі на вуліцу і выклікалі дырэктара, ён размаўляў з намі. Грошай не далі, і дырэктар паабяцаў да вечара вырашыць пытаньне. Але ў нас няма да яго даверу».

Тым ня менш пасьля гадзіны прастою работнікі прыступілі да працы. Паводле Віктара Расьлякова, — каб пазьбегнуць пакараньня за несанкцыянаваную акцыю ці за прагул.

Але дырэктар Аляксандар Масалаў абяцанкі ня выканаў, паведаміў напрыканцы працоўнага дня спадар Расьлякоў:

«Нам разьліку так і не зрабілі. Сказалі, што зробяць пазьней, дырэктар так сказаў. Ня ведаю ўвогуле, калі гэта будзе».

У інтэрвію агенцтву БелаПАН дырэктар полацкага вінаробчага заводу сказаў, што страйку не было ўвогуле. Грузчык прадпрыемства, спадар Дзьмітры, абураны прыхоўваньнем інфармацыі пра страйк:

«Гэта яны хочуць зрабіць, каб усё было ціха, шыта-крыта! Ён будзе казаць, што страйку не было, але ж завод стаяў! Людзі выйшлі на вуліцу, сабраліся каля дальняга цэху, і грузчыкі, і майстры некаторыя. А бяз грузчыкаў жа завод працаваць ня можа! У нас да 18-га чысла ідзе разьлік заробку, і да 18-га нам могуць даплаціць. І мы хочам, каб пра гэта даведалася як мага больш людзей!»

Нізкія заробкі на прадпрыемстве ўжо прывялі да таго, што 25 працаўнікоў ад пачатку верасьня павыходзілі з афіцыйнага прафсаюзу і рыхтуюцца стварыць «пярвічку» Свабоднага прафсаюзу (СПБ). Адміністрацыя прадпрыемства спрабуе вярнуць нязгодных у ранейшую прафсаюзную арганізацыю, а мясцовы КДБ шукае «падбухторшчыкаў» у працоўным калектыве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG