Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве пачаў працу галоўны офіс сайту «Хартыя-97»


Натальля Радзіна на цырымоніі адкрыцьця офісу ў Варшаве
Натальля Радзіна на цырымоніі адкрыцьця офісу ў Варшаве

Афіцыйная імпрэза з нагоды адкрыцьця галоўнага бюро «Хартыі» ў Варшаве адбылася ў сталічным гатэлі «MDM» у прысутнасьці каля сотні гасьцей — беларусаў ды замежнікаў, экспэртаў у беларускіх справах.

«Сёньня вера ў вашу салідарнасьць дае нам сілы, каб працягваць нашу працу, — сказала рэдактарка Хартыі-97 Натальля Радзіна. — Свабодная і дэмакратычная Беларусь гэта справа нашага жыцьця, і мы не здадзімся, як бы цяжка не было. Я веру, што прыйдзе час, калі каманда Хартыі-97 зможа сустрэць вас усіх у свабоднай Беларусі».

Галоўны офіс Хартыі 97 у Варшаве адчыніўся дзякуючы падтрымцы польскіх уладаў ды кіраўніцтва сталіцы.

«Хацелася б сказаць, што сёньня цэнтар свабоднай Беларусі — у Варшаве. Але мы хочам, каб як мага хутчэй сталіцай вольнай Беларусі быў Менск. Мы рады вам, але жадаю, каб вы вымушаныя былі знаходзіцца тут як мага карацей», — сказаў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі.

Міністар замежных справаў Славаччыны Пава Дземеш на цырымоніі адкрыцьця
Міністар замежных справаў Славаччыны Пава Дземеш на цырымоніі адкрыцьця


У цырымоніі ўзяў удзел і былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка, які напярэдадні паведаміў аб рашэньні не вяртацца пакуль у Беларусь:

«Самае галоўнае, што Варшава становіцца сёньня рэальным беларускім цэнтрам супраціву, як у свой час былі за мяжою былі цэнтры салідарнасьці з польскай «Салідарнасьцю». І гэта проста неабходная частка нашага змаганьня».

Пасьля разгрому офісу «Хартыі» ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і арышту рэдактаркі Натальлі Радзінай адноўлены рэсурс пачаў працаваць у Вільні. Цяпер у Вільні застаецца карэспандэнцкі пункт, а галоўны офіс перамясьціўся ў Варшаву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG