Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вылучаны на прэмію Сахарава?


12 верасьня завяршаецца вылучэньне кандыдатаў на атрыманьне прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Намінанты будуць названыя 25 верасьня.

9 кастрычніка адбудзецца галасаваньне па трох фіналістах.

Уручэньне прэміі «За свабоду думкі» заплянаванае на 12 сьнежня.

Пры канцы жніўня дэпутат ЭП ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі заклікаў падтрымаць вылучэньне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на атрыманьне прэміі імя Сахарава, нагадвае БелаПАН.

У сваім звароце Сарыюш-Вольскі падкрэсьліў, што ўклад Бяляцкага ва ўмацаваньне міру шырока ацэнены ў тым ліку і ААН. Акрамя таго, нагадаў ён, беларускі праваабаронца намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

«Эўрапарлямэнт, які ўжо заявіў пра сваю падтрымку Алеся Бяляцкага ў рэзалюцыі ад 15 верасьня 2011 году, можа падкрэсьліць унівэрсальнае значэньне ўпартай барацьбы за свабоду ў краінах, дзе кіруюць дыктатары, узнагародзіўшы праваабаронцу прэміяй Сахарава», — адзначыў Сарыюш-Вольскі.

Раней прэмію Сахарава атрымлівалі Аляксандар Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG