Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2014 студэнцкія інтэрнаты стануць гатэлямі?


Падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі, які адбудзецца ў Беларусі ў 2014 годзе, замежных гасьцей плянуюць сяліць ня толькі ў сталічныя гатэлі, але і ў студэнцкія інтэрнаты.

Паколькі самі спаборніцтвы пройдуць з 9 па 25 траўня, а спартоўцы прыедуць значна раней, давядзецца карэктаваць навучальны працэс у ВНУ, інтэрнаты якіх будуць выкарыстоўвацца пад жытло для гасьцей чэмпіянату. Мяркуецца, што з 31 сакавіка па 1 чэрвеня студэнты будуць на вакацыях.

Паводле папярэдніх плянаў Мінадукацыі, 2013 — 2014 навучальны год пачнецца 2 верасьня. Першы сэмэстар завершыцца 22 сьнежня, потым будзе зімовая сэсія — да 12 студзеня. З 13 студзеня па 30 сакавіка — другі сэмэстар, потым двухмесячныя вакацыі. Вучыцца па гэтым графіку будуць студэнты 1 — 4 курсаў БДУ, БНТУ, пэдадагічнага, эканамічнага, лінгвістычнага, мэдычнага ўнівэрсытэтаў, унівэрсытэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі такая інфармацыя зьявілася ў СМІ, а кіраўніцтва БНТУ, у прыватнасьці, наагул адмовілася вучыць студэнтаў па такому графіку, прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна патлумачыла, што ніякіх дакумэнтаў пакуль не прынята:

«Проста было абмеркаваньне. Абмяркоўваюць наагул магчымасьць засяленьня замежных грамадзянаў у студэнцкія інтэрнаты сталіцы. Ніхто яшчэ ня ведае, як гэта будзе. Гэта ж толькі 2014 год. Вельмі шмат варыянтаў самых розных. І, хутчэй за ўсё, у розных ВНУ будзе свой варыянт. Проста і колькасьць студэнтаў у інтэрнатах розная, і сэсіі па-рознаму праходзяць, і нават іспыты».

Былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прафэсар Аляксандар Казулін, што да карэкціроўкі вучэбнага працэсу дзеля Чэмпіянату сьвету, выказаў такое меркаваньне:

«Я думаю, што ў нашай краіне ўзровень адукацыі ўжо даўно нікога не хвалюе. Гэта проста брутальнае парушэньне навучальнага працэсу, брутальнае. Ніхто пра студэнтаў і ня думае. Усё ставіцца на карысьць відовішча. Усё гэта проста сумна».

Мяркуецца, што замежныя госьці Чэмпіянату будуць засяляцца ў 8 студэнцкіх інтэрнатаў. У Студэнцкай вёсцы, якая будавалася зусім нядаўна, плянуецца задзейнічаць каля 7 тысяч месцаў, ў пяці іншых інтэрнатах — прыкладна 4 700 месцаў. Некаторыя інтэрнаты пабудаваныя яшчэ ў 1970-х, але месьцяцца ў цэнтры горада (інтэрнат № 7 БДУ на Кастрычніцкай, інтэрнат эканамічнага ўнівэрсытэту на Бабруйскай, БДУІР — на Сурганава і вуліцы Бяды).

А як самі студэнты ставяцца да ідэі Мінадукацыі скараціць вакацыі і другі сэмэстар? Другакурснік эканамічнага ўнівэрсытэту Андрэй кажа:

«З аднаго боку, гэта добра, таму што мы раней вызвалімся, мабыць, яно і лепш, што больш будзе летніх вакацый. Але, я лічу, што хаця б на тыдзень трэба зрабіць перапынак паміж сэмэстрамі.

Ну а наконт таго, што замежнікаў будуць сяліць у інтэрнатах... Я спадзяюся, што замежнікаў будуць сяліць у новых сучасных інтэрнатах. Таму што калі сяліць у старых, то сорамна будзе».

Карэспандэнтка: «А інтэрнаты вашага ўнівэрсытэту прыдатныя, яны падыдуцуь? Яны новыя, старыя?»

«Я б на месцы адміністрацыі пасаромеўся сяліць туды замежнікаў. Мабыць, толькі з Расеі, напрыклад».

Застаецца яшчэ шмат пытаньняў: інтэрнаты павінны ператварыцца ў гатэлі ці гэта проста месца для начлегу? За чый кошт будзе рабіцца рамонт? Хто будзе абслугоўваць замежных гасьцей у інтэрнатах? Пакуль чыноўнікі маюць адзін адказ на ўсе гэтыя пытаньні: маўляў, да 2014 году яшчэ шмат часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG