Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За які сэкс ня трапіш у беларускую турму?


У працяг тэмы «Які сэкс лічыць згвалтаваньнем?» Радыё Свабода разьбіраецца, за які сэкс можна апынуцца ў беларускай турме.

Згвалціць, паводле беларускага заканадаўства, можна толькі жанчыну — прынамсі, так кажа артыкул 166 Крымінальнага кодэксу. Уласна згвалтаваньнем у кодэксе называюць «полавы акт насуперак волі пацярпелай з ужываньнем гвалту альбо пагрозаю яго ўжываньня да жанчыны ці яе блізкіх або з выкарыстаньнем бездапаможнага стану пацярпелай». За такое злачынства беларуская дзяржава карае абмежаваньнем волі на тэрмін да чатырох гадоў альбо пазбаўляе волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Любыя іншыя гвалтоўныя дзеяньні, кшталту «мужаложства, лесьбіянства і іншых дзеяньняў сэксуальнага характару», разглядаюцца нашым заканадаўствам як «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару». Але пакараньне за іх такое ж самае, як і за тое, што кодэкс называе «згвалтаваньнем». Прычым гомасэксуальны гвалт у Беларусі ня рэдкасьць, і такія заканадаўчыя трактоўкі выглядаюць яўным анахранізмам.

Але і само словазлучэньне «сэксуальны гвалт» — хутчэй побытавае, чым юрыдычнае. У Крымінальным кодэкс ёсьць разьдзел 20, які называецца «Злачынствы супраць полавай недатыкальнасьці і полавай свабоды». Паводле яго ў турму можна трапіць за «полавы акт зь непаўналетняй», «распусныя дзеяньні», «прымус да заняткаў прастытуцыяй», «прымус да дзеяньняў сэксуальнага характару». Пакараньні па кожным з артыкулаў розныя.

«Але гэта заканадаўства, — кажа Вольга Гарбунова, старшыня праўленьня арганізацыі «Радзіслава». У гэтую арганізацыю зьвяртаюцца ахвяры гвалту. — Мы сутыкаемся з тым, што нават нашыя кліенткі ня ў стане сябе абараніць: пачынаючы ад участковага і сканчаючы пракуратурай. Я працую на сэмінарах з прадстаўнікамі нашых праваахоўных органаў і ўвесь час чую: «Якое ж гэта згвалтаваньне?! Гэта кантакт з узаемнай згоды! І ня трэба было туды ехаць, і ня трэба было надзяваць такую кароткую спадніцу, сама вінаватая — і так далей».
Згвалтаваньнем трэба лічыць любы сэкс, які адбываецца бяз згоды

«Згвалтаваньнем трэба лічыць любы сэкс, які адбываецца бяз згоды», — лічыць Вольга.

Здаецца, такое азначэньне адпавядае таму, што кажа Крымінальны кодэкс. Але на практыцы адбываецца зусім іншае. «Вось нібыта дзяўчына была „ня супраць“, а пасьля ў пэўны момант яна кажа „не“. А ў нас жа „не“ — гэта значыць „так“!»

Такім чынам, тлумачыць Вольга, грамадзтва прыдумляе апраўданьні для гвалту. «Мы мусім зыходзіць з таго, што „не“ — гэта „не“, у які б момант яго ні вымавілі».

Апроч таго, кантакт можа адбывацца і са згоды. Напрыклад, чалавек пагадзіўся, але падчас кантакту яго прымушаюць да тых формаў сэксу, якія ён не прымае. Гэта таксама сэксуальны гвалт.

Нашае грамадзтва часта абвінавачвае ахвяру згвалтаваньня ў «правакацыйных альбо неабдуманых, небясьпечных паводзінах», — кажа кіраўніца «Радзіславы». Чамусьці, калі вядзецца пра згвалтаваньне, мы не асуджаем злачынцаў, а асуджаем ахвяру. Ня дзіва, што ахвяры ня хочуць зьвяртацца па дапамогу ані да грамадзтва, ані да дзяржавы.

Таму ня варта верыць афіцыйным лічбам статыстыкі. Незарэгістраваных выпадкаў згвалтаваньня нашмат болей — сьцьвярджае Вольга Гарбунова.

А паводле статыстыкі, колькасьць зарэгістраваных выпадкаў згвалтаваньня з кожным годам зьніжаецца. У 2011 годзе адзначана 119 выпадкаў на ўсю Беларусь, у 2010-м — 143. А ў 2009-м гэтая лічба была вышэйшая больш як на траціну.

Супрацоўніца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што яна ня бачыць, каб міліцыя перадузята ставілася да такіх злачынстваў. «Іншая справа, што людзі не заўжды ідуць на тое, каб распавядаць пры ўсіх, што зь імі адбылося. Але ў параўнаньні з тым, як гэта было гадоў 10–15 таму, мне падаецца, што працэнтаў 80 ахвяраў зьвяртаецца ў міліцыю».

«Ва ўсім сьвеце пра гэта даўно ўжо думаюць і гавораць, — кажа Гарбунова. — А ў нас вельмі мала дасьледаваньняў наконт гвалту». Між тым трэба разьмяжоўваць паняткі «згвалтаваньне» і «сэксуальны гвалт». Бо пад сэксуальным гвалтам цяпер разумеюць і «прымус», і пошлыя показкі, абразы на сэксуальнай глебе, непажаданыя дотыкі. Беларусы, паводле назіраньняў Вольгі Гарбуновай, у прынцыпе нечульлівыя да сэксуальнага гвалту. Яны могуць адчуваць сябе няёмка ў адносінах з пэўным чалавекам ці нават у калектыве, але не разумеюць, што гэта сэксуальныя дамаганьні.

Вядома, яшчэ цяжка разьмежаваць, калі адбываецца нявінны флірт, а калі трэба ўжо гаварыць пра «харасмэнт». «Кожны чалавек сам для сябе ўсталёўвае межы прымальнасьці», — кажа Вольга Гарбунова. «Але пошлыя анэкдоты на працы, дотыкі — гэта ня норма паводзінаў у працоўным калектыве», — упэўнена працягвае яна.

Паводле дасьледаваньняў, большасьць згвалтаваньняў зьдзяйсьняюць зусім не маньякі-псыхапаты, а знаёмыя, блізкія, сябры ахвяраў. Яшчэ адзін «спрэчны» момант у трактоўцы «сэксуальнага гвалту» — гвалт у сям’і.
Сказаць, што муж цябе гвалціць — гэта цяпер проста немагчыма. Гэта табу ў табу

Кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка кажа: «Да нас зьвярталіся людзі, якія былі ахвярамі сэксуальнага гвалту ў сям’і, але гэта беспэрспэктыўныя амаль выпадкі. Адна справа — сказаць, што цябе муж б’е. У дачыненьні да такіх выпадкаў ужо фармуецца пэўная „культура“ ўспрыняцьця. Але сказаць, што муж цябе гвалціць — гэта цяпер проста немагчыма. Гэта табу ў табу».

Праваабаронцы і псыхолягі разглядаюць «сэксуальны гвалт» як адну з праяваў хатняга гвалту ўвогуле.

«Сам МУС заяўляе, што 30 выездаў штодзённа адбываецца з прычыны хатняга гвалту. А пры канцы году мы бачым лічбу 2000 пацярпелых!» — абураецца Вольга Гарбунова.

Псыхоляг Вольга Казак кажа: «Хатні гвалт, на жаль, уключае ўсе віды гвалту. Мы адрозьніваем псыхалягічны гвалт — абразы, прыніжэньне. Можа прыніжацца роля маці, жанчыны. Ёсьць эканамічны гвалт: калі жанчыне не дазваляюць траціць грошы, альбо крытыкуюць тое, што яна купляе, альбо ёй не даюць дастаткова грошай, каб яна траціла на сябе і на сям’ю. Сюды ўваходзіць і сэксуальны гвалт. Бо сэксуальны гвалт — гэта ня толькі згвалтаваньне, але і абраза ролі жанчыны. І фізычны гвалт — гэта не абавязкова значыць, што жанчыну „зьбіваюць“. Яе можна штурхаць, утрымліваць».

Хатні гвалт — гэта гвалт «за зачыненымі дзьвярыма», яго амаль немагчыма давесьці. Пры гэтым менавіта хатні гвалт робіцца прычынай кожнага чацьвёртага самагубства жанчыны.

«Вельмі часта да нас зьвяртаюцца жанчыны, якія кажуць: «Я не хачу такой „блізкасьці“, я кажу пра гэта мужу, муж чуе, але „блізкасьць“ усё адно адбываецца. Калі гэта муж робіць, то гэта лічыцца згвалтаваньнем? — распавядае Вольга. — То бок людзі ўжо самі для сябе назвалі гэта „згвалтаваньнем“, але ім яшчэ патрэбная падтрымка звонку, каб зразумець, што адбываецца».

«Давесьці факт сэксуальнага гвалту ў сям’і ў нашай краіне амаль немагчыма, — пацьвярджае Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Калі жанчына ня зьбітая, не пацярпелая, як ты давядзеш?»


Ад сэксу да турмы


У Беларусі сэксуальныя скандалы яшчэ ня сталі прынятым спосабам барацьбы з палітычнымі праціўнікамі. Таму Джуліян Асанж, Дамінік Строс-Кан, Біл Клінтан могуць радавацца, што нарадзіліся не ў Беларусі. Бо жыцьцё кожнай з гэтых усясьветна знакамітых асобаў абцяжарвалі абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце ці дамаганьнях. Супраць Асанжа ў Швэцыі ўзбуджаная крымінальная справа па заяве дзьвюх жанчын. Гэта вымусіла яго прасіць палітычнага прытулку ў Эквадоры. Але галоўнае — усясьветная ўвага да створанага ім сайту шпіёнскіх дакумэнтаў Wikileaks.org — зацьмілася ўвагай да дыпляматычных калізіяў і абсмоктваньнем адмысловасьцяў ягоных сэксуальных паводзінаў.

Прэзыдэнцкія амбіцыі і кар’ера дырэктара МВФ Строс-Кана спыніла гатэльная пакаёўка Нафісатоў Дыяла. А калі ў 1998-м зайшла размова пра імпічмэнт Клінтану — падставай стала ягонае ілжэсьведчаньне пра сэксуальныя стасункі са стажоркай Монікай Левінскі.
У Беларусі сэксуальныя скандалы выкарыстоўваюцца найперш для дыскрэдытацыі замежных прадстаўніцтваў

У Беларусі сэксуальныя скандалы выкарыстоўваюцца найперш для дыскрэдытацыі замежных прадстаўніцтваў. І такіх выпадкаў за апошнія гады набярэцца ня так і мала.

У 2011 годзе былі апублікаваныя матэрыялы, якія кампрамэтавалі жонку амбасадара Вугоршчыны Фэрэнца Контры. У тым жа годзе зьявілася інфармацыя пра тое, што іншы супрацоўнік амбасады Золтан Бач заводзіць знаёмствы зь беларускімі жанчынамі.

У 2010 годзе беларуска абвінаваціла ў сэксуальных дамаганьнях паверанага Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйна. Дзяўчына сьцьвярджала, што дыплямат прапаноўваў ёй працу ў амбасадзе, шэнгенскую візу і заробак 400 эўра ў месяц.

У 2006 годзе супрацоўніка латвійскай амбасады абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі. А яшчэ раней — у 2005-м — зь Беларусі літаральна выставілі чэскага дыплямата Паўла Кржывоглаву. Яго абвінавачвалі ў «схіленьні непаўналетніх да непрыстойных паводзінаў».

Звычайна пасьля публікацыі падобных зьвестак дыплямата адклікаюць у сваю краіну.

У 2006 годзе маладафронтаўца з Жодзіна Паўла Красоўскага абвінавацілі спачатку ў тэракце ў Віцебску, а пасьля ў забойстве дзьвюх непаўналетніх дзяўчатак. Характэрна, што забойства адбылося ў 1999 годзе, калі Паўлу было 16 гадоў.

Супрацоўніца «Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч кажа, што па распараджэньні «блатных» у турмах і калёніях ужо нікога не караюць згвалтаваньнем.

«Пагрозы сэксуальнага гвалту — татальная зьява, якую прымяняюць да ўсіх, хто трапляе ў месцы пазбаўленьня волі. У любых сытуацыях. У СІЗА — каб атрымаць патрэбную інфармацыю. У зонах — каб дабіцца супрацоўніцтва. Даходзіць да таго, што людзей распранаюць, і чалавек ужо не сумняецца, што над адбудзецца гвалт, і пагаджаецца.

Нашая міліцыя не такая „вычварная“, як расейская. Ім бы чалавека ва унітаз „макнуць“, зьбіць моцна. Але да расейскага зьверства мы не апусьціліся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG