Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску папярэдзілі кандыдата Віктара Малочку


На Меншчыне акруговая выбарчая камісія вынесла папярэджаньне апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты па Салігорскай гарадзкой выбарчай акрузе № 68 Віктару Малочку. Камісія налічыла чатыры парушэньні выбарчага заканадаўства, зробленыя камандай Віктара Малочкі ў час агітацыі.

У сераду, 5 верасьня, у салігорскім «Клюбе будаўнікоў» была заплянаваная сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты, у тым ліку і з апазыцыйным кандыдатам па Салігорскай гарадзкой выбарчай акрузе № 68 Віктарам Малочкам. Каб задаволіць цікавасьць мінакоў да сходу, Віктар Малочка перавёз да «Клюба будаўнікоў» свае агітацыйныя матэрыялы зь пікету, што быў абсталяваны ўсяго за 20 мэтраў адгэтуль.

«Там жа ўсяго 20 мэтраў. І ўжо калі мы хацелі загрузіць тумбу са сьцягамі і пад’ехалі пад дарожны знак, то міліцыянты склалі пратакол парушэньня. Зрабіў гэта былы мой стары „сябра“ міліцыянт Георгій Крывальцэвіч, зь якім я змагаюся і які захопліваў мяне раней за „маўклівую акцыю“».

У адпаведнасьці зь міліцэйскім пратаколам, Віктар Малочка таксама абвінавачваецца ў парушэньні парадку распаўсюджваньня ў Салігорску ўлётак. «Але ж гэта не зьяўляецца маім парушэньнем», — аспрэчвае Віктар Малочка:

«Гэтыя ўлёткі я замовіў у друкарні, і менавіта друкарня не зьмясьціла на іх свае дадзеныя. І чаму друкарня ня ведае, што гэта трэба рабіць?»

Віктар Малочка — юрыст па адукацыі, падпалкоўнік фінансавай міліцыі ў адстаўцы, яму 52 гады.

Наконт падрыхтоўкі Салігорску да выбараў ён выказвае крытычныя меркаваньні:

«На сёньня ў Салігорску абсалютна нічога няма, акрамя некалькіх дзясяткаў стандартных зялёна-чырвоных сьцягоў… І нічога больш. Ні пра мяне, як зарэгістраванага кандыдата, ні пра іншага — Дзялендзіка, да прыкладу.

Дарэчы, напярэдадні ў салігорскай газэце «Шахцёр» павінен быў зьявіцца мой праграмны артыкул. Не надрукавалі… А ці будзе? Мне ўчора галоўная рэдактарка адказала: «Мы ня ведаем, у нас няма пакуль указаньняў…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG