Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: трэці дзень дэбатаў — апазыцыя падыскутавала


6 верасьня ў Магілёве па тэлеканале «Беларусь-2» і дзяржаўным радыё трансьляваўся запіс дэбатаў кандыдатаў на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў па мясцовай Ленінскай выбарчай акрузе № 84.

У дэбатах адмовіўся ўдзельнічаць вылучэнец на дэпутацтва і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Васіленка. Менавіта Васіленку зьбіраліся задаваць пытаньні ягоныя апанэнты.

У студыях дэбатавалі двое кандыдатаў ад апазыцыйных арганізацыяў: Мікалай Расюк ад АГП, і Аляксандар Ірхо ад партыі левых «Справядлівы сьвет». Да апазыцыі далучыў сябе й кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімер Ефімовіч. Дэбатаваў таксама беспартыйны вылучэнец — мэдык Міхаіл Елавы. Інтарэсы кандыдата ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Леаніда Падбярэцкага прадстаўляў яго давернік Андрэй Дзьмітрыеў з руху «Гавары праўду».

Дэбаты праходзілі паводле ўстаялага за тры дні сцэнару: уступнае слова кандыдатаў у адну хвіліну, адказ на пытаньне вядоўцы: «Якія праблемы вылучэнцы ў акрузе лічаць злабадзённымі?», а затым пытаньні адзін аднаму.

Першым атакаваў Елавога і Ефімовіча Мікалай Расюк. Чаму, запытаўся ў апанэнтаў ён, яны крытыкуюць уладу толькі цяпер, падчас выбараў? Чаму не казалі раней пра гаротны стан мэдыцыны і пра тое, што «краіна коціцца у прорву»?

Елавы: «Праблемы ў мэдыцыне ёсьць, але іх ня вырашыш з наскоку — для гэтага патрэбны час, і для гэтага трэба працаваць у парлямэнце. Патрэбныя дзейныя законы — вось для гэтага мы ідзём у парлямэнт».

Ефімовіч: «Вы, напэўна, слаба сочыце за тым, што адбываецца ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Мы канструктыўная апазыцыя. Мы ня бегаем па вуліцах, мы не парушаем законаў. Мы дзейнічаем у рамках закону. Мы казалі, што трэба ўступаць у эканамічны саюз. Мы кажам, што трэба ўводзіць адзіную валюту — расейскі рубель. Хочам мы таго, ці не — яна будзе ўведзена! Мы ня бегаем па Захадзе й не крычым „ратуйце“. Мы хварэем за сваю радзіму — Беларусь».

Праблему палітвязьняў згадаў кандыдат ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Аляксандар Ірхо:

«Хацеў бы нагадаць, што на тэрыторыі нашай акругі знаходзіцца турма, у якой сядзіць экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч. Для таго, каб у нас былі інвэстыцыі, неабходна яго вызваліць. З Захадам трэба размаўляць, але гутарак зь ім ня будзе пакуль ня вызваляць Статкевіча».

Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся да выбарцаў: «Таму кандыдату, які не прыйшоў на дэбаты, вы не патрэбныя. Так будуць рабіць усе, каго прызначаюць з цэнтру. Мы прапануваем аб’ядноўвацца тут, на месцах, і рабіць так, каб нас чулі. Для гэтага вы павінны абраць тых, каму вы патрэбныя».

Мікалай Расюк жа заявіў, што выбарцы ня ўбачаць ягонага імя ў бюлетэнях, бо гэтыя выбары фарс: «Я іду на выбары, каб гэта вам сказаць», — такімі словамі скончыў свой удзел у дэбатах партыец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG