Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст «Аршанская бітва» сканаў ці будзе жыць?


Крыж на Крапівенскім полі
Крыж на Крапівенскім полі

Сёлета — 21 год з тае пары, як прыхільнікі беларускай бардаўскай сабраліся на першы сьпеўны фэст «Аршанская бітва».

Фэст, названы ў гонар гістарычнай бітвы пад Воршай, што адбылася 8 верасьня 1514 году, прыводзіўся ў бліжэйшыя да гэтай даты выходныя. Бывала, што на імпрэзу зьяжджаліся некалькі соцень чалавек з усяе краіны. Аднак, пасьля міліцэйскіх разгонаў мінулых гадоў ні слухачоў, ні выступоўцаў сюды адмыслова не запрашаюць. Ці адбудзецца фэст «Аршанская бітва» сёлета?

Актыўны ўдзельнік мінулых фэстаў, аршанскі актывіст Юры Нагорны лічыць, што пад уплывам акалічнасьцяў фармат імпрэзы канцэптуальна зьмяніўся. Гэта ўжо не супольныя вогнішчы зь вялікай колькасьцю гасьцей, а хутчэй «сяброўскія пасядзелкі».

Прычым у лік «сяброў» трапіць зусім ня лёгка: месца і час збору адмыслова не разгалошваюцца. Даводзіцца ахвяраваць інтарэсамі тых, хто хацеў бы прыехаць на фэст, каб увогуле захаваць гэтую традыцыю, кажа спадар Юры:

«А што рабіць? Што рабіць? Калі вы скажаце слухачам, то іх туды ня пусьцяць. Бо не пускаюць, ловяць, саджаюць у „варанкі“, затрымліваюць людзей з плецакамі на вакзале і гэтак далей, і гэтак далей! Варта нешта сказаць — і адразу пачнецца. Таму пра ўсё скажам пазьней, калі ўсё пройдзе. Я думаю, так будзе лепш!»

З 1992 году бардаўскі фэст «Аршанская бітва» традыцыйна праходзіць у Аршанскім раёне непадалёк ад таго месца, дзе адбывалася Бітва пад Воршай. У апошнія гады міліцыянты зрывалі імпрэзу: у 2007 годзе ў рэчцы Крапівенцы нібыта знайшлі міну, і супрацоўнікі міліцыі не прапускалі людзей з намётамі на звыклае месца. У 2008 годзе і пазьней міліцыянты затрымлівалі каардынатараў фэсту разам з гукаўзмацняльнай апаратурай і дровамі. У пастарунак ня раз звозілі і тых, хто прыехаў паслухаць сьпевы бардаў — а зь першага фэсту тут выступілі ці ня ўсе тутэйшыя аўтары-сьпевакі, пачынаючы ад Андрэя Мельнікава, які быў адным з заснавальнікаў фэсту.

Летась поле, на якім традыцыйна зьбіраліся на начны бардаўскі канцэрт, проста ўзаралі. Таму было вырашана зьмяніць даўнюю традыцыю — перамясьціцца ў іншае месца.

Але такі падыход не падзяляе яшчэ адзін сталы наведнік імпрэзы, мастак Алесь Пушкін. Ён мяркуе, што залішняя кансьпірацыя адцягвае ўвагу і памяць ад галоўнага — ад поля, дзе палеглі беларускія ваяры, ад крыжа, усталяванага ў іхны гонар:

«Чаму ўсё па кустах, па кустах? Крыж ёсьць? Ёсьць! Месца знакавае. Давайце прыедзем у суботу, абдымем крыж, запалім вогнішча на гэтых разорах. Я пастараюся зь дзецьмі прыехаць. І ўсе, хто захоча, няхай прыяжджаюць удзень 8 верасьня. Днём там пабудзем, на ноч заставацца ня станем. Вось так, у нейкай творчай форме, і будзем сьвяткаваць».
Алесь Пушкін на Крапівенскім полі, верасень 2009-га
Алесь Пушкін на Крапівенскім полі, верасень 2009-га

Алесь Пушкін перакананы, што замінаць ніхто ня будзе. Бо ў чэрвені гэтага году, падчас сьвяткаваньня ўгодкаў Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне, яму гэта паабяцаў падпалкоўнік Андрэй Іваноў, які адказвае за грамадзкую бясьпеку ў аддзеле МУС Віцебскага аблвыканкаму:

«Я ж не дарэмна сустракаўся з падпалкоўнікам Івановым. І ён мне сказаў: «Давайце, хлопцы…»

Вядома, кожны мае сам вырашыць, ці верыць у абяцаньні міліцэйскага кіраўніка. А што да гістарычнай памяці, то поле Аршанскай бітвы не бывае забытым ад фэсту да фэсту. Тэрыторыю вакол крыжа і самаробнага помніка даглядаюць мясцовыя актывісты. Сюды прыяжджаюць і на нацыянальныя сьвяты — на Дзяды або на Дзень Волі, каб узьняць бел-чырвона-белыя сьцягі і згадаць нашых слаўных продкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG