Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі музэй працягвае зьбіраць грошы на кнігу Семяновіча


Казімір Семяновіч, «Вялікае мастацтва артылерыі»
Казімір Семяновіч, «Вялікае мастацтва артылерыі»

Музэй гісторыі Магілёва працягвае сваю ініцыятыву — зьбірае ад усіх ахвотных грошы на выкуп знакавых артэфактаў беларускай гісторыі.

Пасьля пасьпяховага набыцьця Статуту ВКЛ, на які сабралі ажно 45 тысяч даляраў, чакаюць ахвяраваньняў на кнігу Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі».

Дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў: «Ужо два месяцы зьбіраем. Пасьля Статута атрымалі прапанову выкупіць кнігу Казіміра Семяновіча. Кніжка каштуе 15 тысяч эўра. На гэты момант сабрана прыблізна 5100 эўра.
Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

Гэтая кніга важная для Беларусі. Яна выдадзеная шляхціцам ВКЛ Казімірам Семяновічам у Амстэрдаме ў 1651 годзе на лаціне. Потым на французскай мове ім жа прадубляваная. У ёй была ўпершыню сфармуляваная думка пра стварэньне шматступенчатай ракеты. Сама гэтая кніга стала падручнікам для артылерыстаў тагачаснага сьвету. Кніга гэтая напісаная чалавекам, які сам сябе называў ліцьвінам. Беларускія гісторыкі знаходзяць уладаньні яго сям’і на Віцебшчыне ці на Магілёўшчыне. Але ў любым выпадку мы лічым, што гэтая асоба важная для гісторыі ВКЛ. Наш музэй першачаргова засяроджаны на эпосе Магдэбургскага права — гэта 16–18 стагодзьдзі. І спадчына ВКЛ для нас вельмі важная. Таму і ўзяліся за выкуп гэтай кнігі».

Чалавек, які прадае кнігу, знаходзіцца ў Беларусі. Але можа прадаць яе ў любую краіну. Таму магілёўскі музэй сьпяшаецца яе выкупіць.

Аляксею Бацюкову 35 гадоў. Дырэктарам ён вызваўся быць сам, а прызначылі яго на пасаду ў лютым гэтага году. Па спэцыяльнасьці ён гісторык. Выкладаў ва ўнівэрсытэце, а пасьля займаўся тэлежурналістыкай. Калі музэй застаўся без дырэктара, — кажа Аляксей, — яму захацелася зрабіць нешта карыснае, і ён прапанаваў сваю кандыдатуру.

Грошы для муээю

Грошы для муээю

Ахвяраваць грошы на выкуп кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» можна так:

УК «Музэй гісторыі Магілёва»
212030 г. Магілёў, вул. Ленінская, 1А, тэл.22-99-46
УНП 790203960
Ф-л 700 МОУ ОАО «АСБ Беларусбанк» МФО 153801536
р/р 3642014673147
г. Магілёў, вул. Першамайская, 71
Дырэктар Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч дзейнічае на падставе Статута.
У прызначэньні плацяжу пазначаць: «На разьвіцьцё музэйнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (на пакупку кнігі К. Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі»)

Электронныя кашалькі


WebMoney

У далярах ЗША: Z116082323771
У эўра: E383254056071
У расейскіх рублях: R360165731291
У беларускіх рублях: B397362066338

EasyPay

У беларускіх рублях: 32752117

Бацюкоў ня бачыць нічога незвычайнага ў тым, што музэй зьвяртаецца па фінансавую дапамогу:

«Не саромеецца абвяшчаць пра збор сродкаў, напрыклад, Оксфардзкая бібліятэка. Ёй трэба 20 тысяч даляраў на электронную копію першага фоліё Шэксьпіра. А мы разумеем, што краіна і ўстанова — ня зь бедных. Гэтая форма працы нармальная і распаўсюджаная ў сьвеце. Трэба працаваць. Магчыма, і такімі спосабамі».

Аляксей Бацюкоў кажа, што такія акцыі магчымыя найперш дзякуючы СМІ. Цяпер і іншыя музэі таксама пачалі зьбіраць сродкі:

«Напрыклад, Слуцкі раённы краязнаўчы музэй зьбірае цяпер грошы на выкуп слуцкіх паясоў. Гэта ўвогуле надзвычайна. Мы іх падтрымліваем ў гэтым».

Аднак дырэктарка Слуцкага краязнаўчага музэю Натальля Серык ня надта ахвотна распавядае пра тое, як ідзе збор грошай:

«Ідзе, пакуль яшчэ ўсю суму не сабралі. Шмат было інфармацыі — і ў раённай прэсе, і ў рэспубліканскай, у інтэрнэце, па тэлевізары быў сюжэт. Мне здаецца, дастаткова распавялі».

Але свайго сайту, на якім можна было б разьмясьціць банкаўскія рэквізыты, Слуцкі краязнаўчы музэй ня мае. У Магілёўскага ж музэю ёсьць дзейная беларускамоўная вэб-старонка. Яна часткова прадубляваная на расейскай і ангельскай версіях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG