Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнданцкая гадзіна для беларускіх дзетак


Калі дзіця да 16 гадоў знаходзіцца на вуліцы без дарослых у пэрыяд ад 23 гадзіны вечара і да шостай гадзіны ранку, то яго затрымае міліцыянт. І зробіць гэта абсалютна законна. Адпаведная пастанова Саўміну № 772 ад 22 жніўня пачала дзейнічаць у Беларусі ад сёньняшняга дня.

МУС Беларусі ўпэўнены, што «дзіця можа знаходзіцца па-за домам у позьні час, але разам з паўналетнімі (бацькамі, дарослымі братамі і сёстрамі, знаёмымі)», — паведамляе БелТА.

Тацьцяна Гацура
Тацьцяна Гацура
Праваабаронца Тацьцяна Гацура, у якой чацьвёра дзяцей, кажа, што падобныя ініцыятывы цяпер разглядаюцца ва Ўкраіне і ў Расеі. Але ставіцца яна да іх скептычна.

«Атрымліваецца, што маіх дзяцей могуць затрымаць у рэйсавым аўтобусе, калі яны вяртаюцца ад нашай сваячкі ані зь якога ня клюбу, а пасьля сямейнай імпрэзы. Я думаю, што ў нармальных сем’ях бацькі самі будуць сачыць за тым, дзе іх дзеці. А дзеці з так званых небясьпечных сем’яў, якія і так боўтаюцца па вуліцы, дык там і няма каго прыцягваць да адказнасьці, на маю думку. Іхным бацькам усё адно».

Такой жа думкі і сямейны псыхоляг, маці дваіх сыноў 15 і 17 гадоў Сьвятлана Дзядова:

«Я не за тое, вядома, каб малыя дзеці позна былі на вуліцы. У камэнданцкай гадзіны ёсьць свае плюсы і мінусы. Вядома, калі сямі-васьмігадовае дзіця будзе ў гадзіну ночы хадзіць па вуліцы, то гэта небясьпечна для яго. І калі бацькі пра гэта ня дбаюць і пачынае дбаць дзяржава, то гэта можа быць плюс.

Але дзіця 14–15 гадоў, ехаўшы з дня народзінаў, будзе вяртацца позна, а транспарт у нас ходзіць ня так і добра. То можа прыехаць, напрыклад, у 23:10. Калі ў гэты момант яго забіраюць, то гэта стрэс. Мне ўсё ж здаецца, што гэта справа бацькоў».

Сьвятлана кажа, што інфармацыя пра камэнданцкую гадзіну распаўсюджвалася шырока. Але ў іхнай сям’і і без такой пастановы ёсьць правіла для дзяцей — вяртацца ў вызначаны бацькамі час.

МУС Беларусі пераконвае, што міліцыянт ня будзе «затрымліваць» непаўналетняга, а будзе проста яго «суправаджаць», высьветліць асобу і ўзрост. Бацькі змогуць на працягу трох гадзін забраць сваё дзіця. Але ў дачыненьні да іх могуць скласьці пратакол. У якасьці пакараньня прадугледжанае альбо папярэджаньне, альбо штраф да дзьвюх базавых велічыняў — цяпер гэта 200 тысяч рублёў. Калі ж дзіця «пападзецца» паўторна на працягу году, бацькі могуць заплаціць штраф ад дзьвюх да пяці базавых велічыняў.

МУС таксама папярэджвае, што за паўгода 2012 году каля дзьвюх тысяч непаўналетніх сталі ахвярамі злачынстваў. А 40 працэнтаў злачынстваў, якія ўчынілі самі непаўналетнія, адбыліся якраз у вячэрні і начны час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG