Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК будзе думаць, ці ўключаць незалежных журналістаў у Назіральную раду па СМІ


Сябра Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ Ігар Лялькоў на пасяджэньні 5 жніўня прапанаваў ЦВК уключыць прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі ў склад Назіральнай рады па кантролі за захаваньнем парадку і правілаў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў СМІ.

Сваю прапанову Лялькоў абгрунтаваў тым, што Рада разглядае матэрыялы як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ.

Лялькоў прапанаваў уключыць у склад Рады старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанну Літвіну, намесьніка старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца і намесьніка галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва» Дзьмітрыя Панкаўца.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што пытаньне аб уключэньні ў склад Назіральнай рады па СМІ можна будзе разгледзець на наступным пасяджэньні Цэнтральнай камісіі.

«Неабходна спачатку абмеркаваць гэтае пытаньне зь сябрамі Рады, якая ўжо арганізаваная. Проста так прывесьці новых людзей бяз думкi сябраў Рады мы ня можам», — сказала яна.

Назіральная рада па кантролі за захаваньнем парадку і правілаў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі створаная рашэньнем ЦВК на пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Старшыня рады — першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

27 жніўня Назіральная рада прыняла рашэньне, якое фактычна забараніла кандыдатам у дэпутаты агітаваць у сваіх выступах па тэлебачаньні і радыё за байкот выбараў, нагадвае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG