Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць Літву дапамагчы ў справе Захарчанкі


Беларусь даслала Літве просьбу аказаць юрыдычную дапамогу ў сувязі з уцёкамі ў гэтую краіну вайсковага выведніка Сьцяпана Захарчанкі.

«Атрымалі некалькі заяваў на аказаньне прававой дапамогі. Адна атрымана яшчэ летась», — паведаміла агенцтву BNS прадстаўніца Генэральнай пракуратуры Літвы Рыта Стундзене.

Літоўская пракуратура адмаўляецца ад падрабязных камэнтароў, бо «гэтыя дакумэнты прызначаныя для ўнутранага выкарыстаньня праваахоўнымі органамі», патлумачыла Стундене, піша БелаПАН.

Сьцяпан Захарчанка ўцёк у Літву летам мінулага году.

Пра прычыны дэзэрцірства ў краіну NATO сяржант вайсковай выведкі кажа гэтак: была пагроза жыцьцю з-за адмовы падпісаць абавязаньне страляць у людзей у выпадку масавых забурэньняў.

«Аднойчы зьбіраюць сяржанцкі склад — прозьвішчы называць зараз ня буду — мяне і яшчэ некаторых сяржантаў. І нам на подпіс раздаецца папера, як кажуць, добраахвотна-прымусова, што калі часткі ўнутраных войскаў ня будуць спраўляцца, то мы мусім адкрыць агонь, каб захаваць сувэрэнітэт Беларусі. Дакладную фармулёўку я ня памятаю. Я адмовіўся, прычым ня я адзін. І тады да мяне ўжылі сілу. У выніку ў мяне здарылася дысфункцыя мочапалавой сыстэмы, і я трапіў у вайсковы шпіталь. Але там мне сказалі, што я цалкам здаровы. Хоць мне цяжка было хадзіць у прыбіральню. А афіцэр, які ўзяў нада мной „шэфства“, калі я выйшаў са шпіталя, сказаў мне, што на дэмбэль я пайду інвалідам. А як у войску ўсё сьпісваюць на тэхніку бясьпекі, мне вядома. Пры мне ў 120 брыгадзе дзьве сьмерці сьпісалі.Таму гэта былі рэальныя пагрозы. Калі што, я нават да суду не дажыву — вы ж добра ведаеце беларускіх сілавікоў. Я лепш што-небудзь з сабой зраблю, бо калі і дойдзе да суду, зробяць паказальны суд», — кажа Захарчанка.

Раней афіцыйны Менск зьвяртаўся да Вільні з просьбай дапамагчы расьследаваць акалічнасьці палёту швэдзкага самалёта, які парушыў паветраную прастору Беларусі і скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску плюшавых мядзьведзікаў з патрабаваньнем свабоды слова ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG