Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Угла: «Карл Більт мусіць рэагаваць на новыя парушэньні ў Беларусі»


Марцін Угла
Марцін Угла

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла піша ў сваім блогу пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Праваабаронца ўзгадвае нядаўнія словы кіраўніка швэдзкага МЗС Карла Більта, што падтрымка беларускага дэмакратычнага руху будзе працягвацца, нават нягледзячы на закрыцьцё швэдзкай амбасады ў Менску.

Паводле Марціна Углы, цяпер у міністра ёсьць усе падставы для працягу гэтай дзейнасьці, бо нядаўнія падзеі ў Беларусі чакаюць неадкладнага разгляду на ўзроўні як Стакгольму, так і Брусэлю.

Размова ідзе пра шырокамаштабнае махлярства ўладных структураў і выбаркамаў падчас падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў, прасоўваньне ў дэпутаты ляяльных рэжыму асобаў і перасьлед апазыцыйных кандыдатаў ды незалежных мясцовых назіральнікаў.

Марцін Угла адзначае таксама крытычнае становішча палітзьняволеных у Беларусі. Іх, асуджаных на доўгія тэрміны ў выніку судовых працэсаў, якія відавочна мелі палітычную матывацыю, — больш за дзясятак. Гэтыя людзі зазнаюць за кратамі велізарны ціск, які ў шэрагу выпадкаў трэба разглядаць як катаваньні, піша Угла на інфармацыйна-аналітычным рэсурсе www.newsmill.se. Для тых, хто адмаўляецца напісаць прашэньне аб памілаваньні, знаходзяць розныя фармальныя прычыны, каб трымаць іх у штрафных ізалятарах, а таксама, як у выпадку з палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам, падоўжыць турэмны тэрмін.

Трэці момант, якому мусяць даць ацэнку Стакгольм і Брусэль, — гэта, паводле Марціна Углы, перасьлед спэцслужбамі маладых інтэнэтчыкаў, у прыватнасьці — нядаўнія затрыманьні кіраўнікоў апазыцыйных суполак у сацыяльных сетках. Двое зь іх днямі былі асуджаныя на кароткія тэрміны турэмнага зьняволеньня, трэцяга зьбілі і таксама пагражалі турмой. Відавочная мэта гэты дзеяньняў — супрацьстаяць росту значнасьці сацыяльных мэдыяў у справе распаўсюджваньня крытыкі рэжыму і мабілізацыі дысідэнтаў.

Швэдзкі праваабаронца адзначае, што з выгнаньнем зь Беларусі амбасадара Стэфана Эрыксана прэзыдэнт Лукашэнка, відаць, разьлічваў, што крытыка з боку краін-сябраў ЭЗ спыніцца. Калі Лукашэнка атрымае такі падарунак, то гэта можа мець разбуральныя наступствы для Беларусі. Швэцыя і ЭЗ мусяць асудзіць нядаўнія падзеі ў Беларусі. Варта таксама разгледзець новыя абмежавальныя захады ў адносінах да асобаў, адказных за рэпрэсіі, — лічыць Марцін Угла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG