Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакоў аштрафавалі за напамін пра Лапіцкага

абноўлена

Мастакі з сваімі карцінамі выходзяць з царквы
Мастакі з сваімі карцінамі выходзяць з царквы

У Смаргоні адбыўся суд над мастакамі, якія зладзілі акцыю ўшанаваньня ўгодкаў народзінаў Расьціслава Лапіцкага, кіраўніка антыкамуністычнага падпольля ў пасьляваенныя гады.

Алеся Цыркунова аштрафавалі на 1 мільён рублёў, разгляд справы Генадзя Драздова, Валянціна Варанішчы, Уладзімера Шульжыцкага перанесьлі на 10 верасьня. Алесь Пушкін адмовіўся ісьці ў суд, і яму выпісалі позву на 10 верасьня.

Першым у суд прывезьлі кіраўніка мастацкай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова. Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. У судзе Драздоў запатрабаваў адваката, і разгляд ягонай справы перанесьлі на 10 верасьня.

Ён таксама распавёў, як іх учора затрымлівалі. Паводле Драздова, пасьля малебну па нявінна забітым Расьціславу Лапіцкім яны выйшлі з царквы і накіраваліся да помніка Багушэвічу. Там да іх падышлі міліцыянты і спраўдзілі дакумэнты.

Пасьля яны ішлі дамоў і несьлі партрэты Расьціслава Лапіцкага, якія самі ж і намалявалі.

Драздоў: «У гэты час на ціхай вуліцы да нас пад’ехалі тры машыны, зь іх вылезьлі 9 міліцыянтаў і сталі нас запрашаць праехаць зь імі. Мы супраціву не аказвалі, толькі Пушкін лёг на зямлю, і яго занесьлі ў машыну на руках. Усіх павезьлі ў РАУС».

У РАУС прывезьлі мастакоў суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова, Алеся Цыркунова, Алеся Пушкіна, смаргонскага мастака Валянціна Варанішчу, а таксама актывіста Ўладзімера Шульжыцкага. Паводле Драздова, міліцыянты апраўдваліся, што атрымалі даручэньне аб затрыманьні зьверху.

На ўсіх склалі пратаколы, нікога з пастарунку ня выпусьцілі. Пасьля таго як Алесю Цыркунову адмовіліся даць напіцца вады, усе абвясьцілі галадоўку.

Алеся Цыркунова судзілі другім і прысудзілі мільён штрафу. Паводле яго, ён адказаў на ўсе пытаньні судзьдзі, але ягоныя аргумэнты пад увагу не прынялі. З рашэньнем суду ён ня згодзен і мае намер яго абскардзіць.

Цыркуноў: «Мы ішлі, несьлі свае працы, а нас зьвінавацілі ў вулічным шэсьці. Якое гэта шэсьце? Мы звычайна несьлі працы. Гэта ж ня дровы, што я іх у ахапку вазьму. Ішлі дадому, я нёс свой уласны твор, не крычаў лёзунгаў, не махаў сьцягамі, ішоў спакойна і нікому не перашкаджаў. А яны напісалі, што нібыта перашкаджаў руху грамадзян».

Валянцін Варанішча запатрабаваў адваката, і разгляд ягонай справы таксама перанесьлі. Тое самае зрабіў і Ўладзімер Шульжыцкі.

Алесь Пушкін адмовіўся ісьці з пастарунку ў суд, і яму выпісалі позву на 10 верасьня. Пушкін забраў свае карціны з пастарунку і дэманстратыўна зь імі прайшоў па Смаргоні, як гэта зрабіў і ўчора.

Людзі ў пагонах ня ведаюць, што робяць

Адзін з заснавальнікаў творчай суполкі мастакоў «Пагоня» Мікола Купава і дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў гэтак пракамэнтавалі падзею:

Мікола Купава
Мікола Купава
Купава: «Вядома, гэта глядзіцца проста дзікунствам, калі людзей няведама за што судзяць. Бо і ў Канстытуцыі запісана, што людзі маюць права на самавыяўленьне. Таму я думаю, што гэта ўсё незаконна, проста незаконна. А зь іншага боку — у нас і закон ня мае аніякага значэньня. А таму тое, што адбылося з групай мастакоў, якім трэба падзякаваць, якіх трэба ўзнагародзіць, бо яны падказалі, што трэба рабіць іншым, — гэта проста дзікунства. Людзі ў пагонах ня ведаюць, што робяць».

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў
Кузьняцоў: «Гэтая сытуацыя тычыцца ня толькі мастакоў, а ўсёй творчай інтэлігенцыі, якая спрабуе нейкім чынам адрадзіць памяць аб сваёй нацыянальнай культуры, памяць пра тых, хто быў бязьвінна рэпрэсаваны. Расьціслаў Лапіцкі — гэта лідэр моладзевага супраціву, які ўжо пасьля вайны быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня, прысуд быў выкананы — і гэта той выпадак, які разбурае стэрэатып, што беларусы памяркоўныя, не супраціўляюцца і супраціў тычыцца іншых людзей, але ня нас. І калі нашы творчыя людзі намагаюцца стварыць мастацкі партрэт гэтай асобы і вяртаюцца да гэтай тэмы, а сустракаюць толькі забароны — калі нельга правесьці выставу, нельга яшчэ нешта — якія яшчэ формы пратэсту ў творчых людзей застаюцца?»



Расьціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасьня 1928 году ў вёсцы Касута Вялейскага раёну. У пасьляваенны час ён меў ужо такі ўзрост, што мог разумець усю злачыннасьць камуністычнай улады. Стварыўшы падпольле, ён выступіў на барацьбу зь ёй. Расстралялі яго 28 кастрычніка 1950 году за тое, што стварыў моладзевую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала лістоўкі, скіраваныя супраць Сталіна і бальшавіцкай улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG