Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі казалі: "Чулі вас, падтрымліваем"


Мінулыя некалькі дзён кампаніі для ўсіх яе ўдзельнікаў былі прысьвечаныя новаму этапу – агітацыі праз тэлебачаньне і радыё.

Мой выступ паказалі вечарам у панядзелак. У аўторак я вырашыў прайсьці па кватэрах некалькіх шматпавярховікаў, хоць і ня маючы яшчэ друкаванай агітацыйнай прадукцыі, каб высьветліць, ці глядзелі людзі мой выступ і якую рэакцыю ён у іх выклікаў.

Людзі ўжо павярталіся з адпачынкаў. У вечаровы час амаль у кожнай кватэры былі людзі і амаль у кожнай кватэры адчынялі дзьверы. Як выявілася, выступы кандыдатаў маёй акругі глядзела шмат людзей – у сярэднім кожны трэці.

Большасьць перадусім адзначылі тое, што я прамаўляў па-беларуску (іншыя кандыдаты карысталіся расейскай). Толькі адзін чалавек выказаў на гэта яўна нэгатыўную рэакцыю: "У нас два государственных языка, я по-белорусски не понимаю". Пераважная большасьць ухваляла выступ па-беларуску і выказвала падтрымку.

Зьмест прамовы – а фактычна гэта сьціслы выклад плятформы Партыі БНФ – людзі таксама ацанілі пазытыўна. Самым каштоўным было тое, што прамова была прыхільна ўспрынятая далёкімі ад палітыкі і незалежных мэдыяў людзьмі. "Вы ўсё сказалі як ёсьць!", "Чулі вас, падтрымліваем", "Хоць нехта сказаў праўду" – такія і падобныя выказваньні гучалі неаднаразова. Два чалавекі выказалі жаданьне далучыцца да Партыі БНФ.

Былі і наіўныя пытаньні: "Вы так цікава гаварылі! Чаму вы часьцей не выступаеце па тэлебачаньні?" Даводзілася тлумачыць. І, вядома, было шмат пытаньняў на ўдакладненьне пазыцыі. "Ці сапраўды ёсьць рэальная альтэрнатыва інтэграцыі з Расеяй?" "Дзе ўзяць грошы на рэформы?" "Як утрымаць моладзь у краіне?" "Навошта быў Беларусі "Белтрансгаз"?" "Чым кепскі расейскі рубель?"

Я адказваў, тлумачыў, раіў выпісваць дэмакратычныя газэты, даваў спасылкі на незалежныя сайты.

Гэтыя тры гадзіны размоваў толькі ўмацавалі маё перакананьне, што рашэньні Партыі БНФ пра тактыку вылучэньня кандыдатаў і акцэнты інфармацыйнай працы былі правільныя.

Ніякія перамены ў краіне не адбудуцца, калі дэмакраты-апазыцыянэры будуць выключна высьвятляць паміж сабой пры пасярэдніцтве апазыцыйных жа інфармацыйных рэсурсаў ды незалежных мэдыяў, хто больш прынцыповы і небясьпечны для рэжыму. У такіх разборках і валтузьні, якой становіцца ўсё болей і якая выклікае сталую агіду ўжо нават у асяродзьдзі традыцыйна прыхільных да апазыцыі слухачоў, чытачоў ды гледачоў незалежных СМІ, ніякай небясьпекі для рэжыму няма. Наадварот, яны могуць толькі пацяшаць улады.

Галоўнай нашай мэтавай групай павінна быць тая маўклівая пакуль большасьць, якая сёньня ня верыць нікому і разьлічвае толькі на сябе. Бязь іх падтрымкі мы будзем, у лепшым выпадку, вартымі павагі дысыдэнтамі. У горшым – сьмеху вартымі палітыканамі.

Партыя БНФ ніколі не займалася і ня будзе займацца палітыканствам. Нашая праца, у тым ліку падчас гэтай кампаніі, скіраваная на здабыцьцё падтрымкі грамадзтва, новых сябраў і прыхільнікаў.

Бо наша мэта – свабодная незалежная Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG