Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва зьвярнулася да генпракурора, каб той дапамог вярнуць нататкі сына


Любоў Кавалёва, маці расстралянага фігуранта справы пра выбух у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва, працягвае дамагацца ад КДБ, каб ёй вярнулі нататкі сына.

Гэтага хацеў яе сын Уладзіслаў.

31 жніўня Кавалёва накіравала заказным лістом скаргу на імя генэральнага пракурора Аляксандра Канюка. Яна зьвярнулася ў пракуратуру, бо «ў адпаведнасьці з артыкулам 125 Канстытуцыі генпракурор ажыцьцяўляе вышэйшы нагляд за выкананьнем законнасьці ў краіне».

«Я дамагаюся выкананьня ў дачыненьні да мяне артыкула 40 Канстытуцыі. Яны павінны даваць мне адказы. Аднак генэрал Зайцаў ігнаруе Канстытуцыю. КДБ у асобе Зайцава быў абавязаны разгледзець мой зварот і даць адказ у тэрмін. Нават адмова ад разгляду заявы павінна быць пісьмова матываваная», — заявіла Кавалёва БелаПАН.

Артыкул 40 Канстытуцыі абвяшчае: «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасьці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай».

«Запісы сына, зробленыя ў судзе і падчас сустрэчаў з адвакатам, не ўтрымліваюць дзяржаўнай таямніцы, яны былі агучаныя ў судзе. Аднак жоўтая тэчка, у якой яны знаходзіліся, мне была перададзена пустая», — зазначыла Кавалёва.

29 красавіка яна пісьмова зьвярталася да начальніка СІЗА КДБ, спрабуючы высьветліць, дзе знаходзяцца нататкі. Двойчы — 4 чэрвеня і 13 ліпеня — да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. «На ніводзін са зваротаў пісьмовага адказу я не атрымала», — кажа Кавалёва.

Сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву Вярхоўны суд вынес 30 лістапада летась.

Іх прызналі вінаватымі ў шэрагу выбухаў, у тым ліку на станцыі мэтро «Кастрычніцкая».

7 сьнежня Ўладзіслаў Кавалёў падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Прашэньне задаволена не было.

17 сакавіка сваякам Уладзіслава Кавалёва паведамілі, што прысуд прывялі ў выкананьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG