Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады да пэнсіі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Свой 58-ы дзень нараджэньня Аляксандар Лукашэнка адзначае не ў паездцы па краіне, як у папярэднія гады,а на працоўным месцы.

У прыватнасьці, ягоная прэсавая служба паведаміла, што сёньня ён прадставіў калектыву новага кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Кабякова. Зрэшты, ужо два гады, як Лукашэнка распарадзіўся лічыць сваім днём народзінаў не 30-га, а 31-га жніўня. Такім чынам, сьвяткаваць Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі будуць, верагодна, заўтра.

Гэта ўжо 19-ты дзень нараджэньня Лукашэнкі на прэзыдэнцкай пасадзе. З атачэньня, якое прыйшло зь ім разам ва ўладу, засталіся лічаныя адзінкі.

Сутнасьць сваёй кадравай палітыкі ён яшчэ раз агучыў сёньня, уручаючы пасьведчаньне кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі былому амбасадару Беларусі ў Расеі Андрэю Кабякову: «Мы намагаемся зрабіць так, каб ва ўладу прыходзілі толькі адданыя краіне людзі». Былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі ўдакладняе — «адданыя» найперш самому Лукашэнку. І тое, што з пасады на пасаду перакідваюцца адны і тыя ж чыноўнікі, сьведчыць, што Лукашэнка практычна нікому не давярае:

Аляксандар Пласкавіцкі
Аляксандар Пласкавіцкі
«Лукашэнка і сам мала ў чым разьбіраецца, таму ён і лічыць, што любы чалавек можа кіраваць — як і ён — любой галіной. Такіх прыкладаў процьма, ня хочацца нават пералічваць. Да сапраўднага прафэсіяналізму нам толькі выпадкова калі-нікалі ўдаецца дайсьці. Наагул кадравая палітыка — на ўзроўні калгасу. Людзей у дзяржаўным рэестры няшмат, працаваць ня хочацца, каб шукаць новыя твары. І ўвогуле ўся сыстэма больш нагадвае зону з паханом на чале. Вось што ўмеюць у нашых месцах зьняволеньня — дык гэта, як кажуць, „апускаць“ чалавека. Лукашэнка сам там папрацаваў, навучыўся, таму гэта ён сапраўды ўмее. Іншага ня вельмі ўмее рабіць. А хлусіць і зьневажаць людзей — гэта ў яго атрымліваецца вельмі добра».

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што не цярпіць падлашчваньня з боку падначаленых, таму ніякіх падарункаў у дзень нараджэньня не прымае. Выключэньне — хіба што букет кветак. Паводле Лукашэнкі, ён не прыхільнік культу асобы, і падвышаная ўвага да ягонай пэрсоны толькі раздражняе. Тым ня меней сваю місію як прэзыдэнта ў адным з інтэрвію ацаніў так:

«Сярэдзіна 1990-х гадоў, поўны развал. Развал ува ўсім: у краіне, у галовах, смута поўная пасьля развалу СССР. Гэта яшчэ горш, чым у 1991–92 гадах пасьля развалу, тады яшчэ па інэрцыі нешта было. Пустыя паліцы, абяздолены народ, жабрацкі народ і ў нас, і ў Расеі, і ва Ўкраіне — усюды. І тут я — яшчэ і 40 няма, і народ рызыкнуў. Беларусы ж — надзвычай граматны народ. Гэта ж ня проста нейкі дрымучы народ, які можна падмануць. Ён перакрэсьліў усіх. А былі ўсе: і ад нацыяналістаў, і ад камуністаў, і ад фашыстаў, і ад былой улады; і рэсурс адміністрацыйны. Яны ўсіх перакрэсьлілі і падтрымалі Лукашэнку, адназначна. Нягледзячы ні на якую фальсыфікацыю і іншае — перамог. Таму я яму абавязаны».

Два гады таму Лукашэнка даў журналістам інфармацыйную нагоду, перанёсшы сваю дату нараджэньня з 30 на 31 жніўня. Пазьней сам патлумачыў, што 30 жніўня ў радзільню прывезьлі ягоную маці, а нарадзіўся ён толькі назаўтра. І так супала, што празь 50 гадоў у гэты ж дзень зьявіўся Мікалай, і адзначаць два сьвяты разам вельмі зручна. Праўда, зараз на афіцыйным сайце прэзыдэнта зноў пазначана старая інфармацыя: нарадзіўся 30 жніўня 1954 году ў гарадзкім пасёлку Копысь на Віцебшчыне. А ў пашпарце Лукашэнкі, які выстаўлены на агляд у нядаўна створаным Музэі сучаснай гісторыі ў будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, заўважаная геаграфічная нестыкоўка: там напісана, што ён нарадзіўся ў Магілёве.

Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі
Юрый Хашчавацкі, аўтар першага дакумэнтальнага фільму-памфлету пра Лукашэнку «Звычайны прэзыдэнт», кажа, што ўся біяграфія сёньняшняга імяніньніка — гэта збор фантазіяў на вольную тэму:

«Калі чалавек фантазіруе — скажам так мякка — то ягоная фантазія ня мае межаў. А ён ужо нафантазіраваў, па-мойму, усё, у тым ліку і свой дзень нараджэньня. Усе гэтыя 19 гадоў, якія я яго бачу, ён займаецца суцэльнымі фантазіямі, калі не сказаць больш жорстка — суцэльнай хлусьнёй. Гэта спосаб існаваньня, разумееце? Іншага спосабу ў яго няма, ён прывык менавіта так — ва ўсім трэба даць непраўдзівую інфармацыю. Трэба расказаць пра тое, што Быкаў пісаў вершы, трэба расказаць пра тое, што Скарына працаваў у Піцеры, трэба расказаць, як ён жонцы нябожчыка Генадзя Карпенкі дасылаў чаравікі, каб пахаваць Карпенку. Ён увесь час нешта прыдумляе, ён вялікі фантазёр. Дзень нараджэньня з той жа опэры. Гэта стыль жыцьця, спосаб існаваньня. Хлусьня — гэта спосаб існаваньня Лукашэнкі, ён ня можа інакш».

Лукашэнка любіць паўтараць, што не трымаецца за пасаду, але абы-каму яе не аддасьць. Пры гэтым ён выключае магчымасьць перадачы ўлады ў спадчыну, бо, маўляў, сыны «ўжо наеліся ўлады пры сваім бацьку». Між тым аналітыкі лічаць, што Лукашэнка з народам не зусім шчыры: падчас нядаўняга візыту ў Вэнэсуэлу ён наўпрост заявіў, што ёсьць каму перадаць эстафэту беларуска-вэнэсуэльскага сяброўства праз 20–25 гадоў — Мікалаю Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG