Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі выступ кандыдата ад АГП не паказалі ў эфіры


Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Перадвыбарчы выступ кандыдата ў дэпутаты, старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, не пусьцілі ў эфір па тэлеканале «Беларусь-2».

Адведзены кандыдату ад апазыцыі час, з 19:25 да 19:30, запоўнілі тэлезамалёўкай пра добраўпарадкаваньне Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі № 34 акцыянэрным таварыствам «Малочныя прадукты», маторарамонтрым заводам ды іншымі прадпрыемствамі й арганізацыямі.

Іншых чатырох прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Савецкай акрузе № 34, у тым ліку й беларускамоўнага Ігара Случака, паказалі па тэлебачанні.

Палякоў: «Думаю, што вырашылі не знаёміць выбарцаў з кандыдатамі, якія будуць здымацца з выбараў і раяць гараджанам не ісьці на выбарчыя ўчасткі. У маім выступе тры галоўныя блёкі. Першы — пра стратэгію Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Калі ў краіне паўтара дзясятка гадоў няма выбараў, то навошта казаць людзям: прыходзьце й галасуйце за нас? Дэпутатаў не выбіраюць, а прызначаюць. Таму мы й вырашылі зьняцца да пачатку галасаваньня, каб ня быць дэкарацыяй у спэктаклі пад назовам „Парляменцкія выбары“ і ня ўводзіць грамадзянаў у аблуду».

Паводле слоў кандыдата Палякова, другі блёк выступу датычны актуальнасьці выбараў для ўсяго грамадзтва: «Калі ў краіне разбураецца эканоміка, раскручваецца інфляцыя, у разы падскокваюць цэны на харчаваньне і вопратку — гэта таму, што няма выбараў. І ўсе мы расплачваемся за пралікі людзей, якія самі сябе прызначаюць пад выглядам абраньня і не нясуць перад намі ніякай адказвасьці. І калі мы ня можам дабіцца справядлівасьці — гэта таму, што ў краіне няма выбараў, і судзьдзі вымушаны кіравацца не законамі, а загадамі „вэртыкалі“. І калі нам на працы даводзіцца маўчаць і не пярэчыць сваіму начальству — гэта таму, што няма выбараў. Калі будуць свабодныя й сумленныя выбары, то сапраўды абраныя дэпутаты адразу ж адменяць кантрактную сыстэму, якая паставіла працаўніка ў становішча безгалосага выканаўцы».

Апошні блёк датычны выхаду з такога становішча, і пачынаецца ўсё з павагі да сябе і адмовы ўдзельнічаць у маштабным падмане пад назовам «выбары»: «Трэба проста не ісьці галасаваць, а прыняць удзел у назіраньні, далучыцца да кампаніі „За справядлівыя выбары“. І нарэшце, аб’яднаць намаганьні дзеля пераменаў з усімі тымі, хто неабыякавы да лёсу нашай краіны, хто жадае быць свабодным, а не марыянэткаю ў руках кіроўных вярхоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG