Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суздальцаў: «Расейскія карані дзеячоў у блізкім замежжы выклікаюць у Расеі насьцярожанасьць»


Прызначэньне кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэя Суздальцава.

Суздальцаў: У практыцы Лукашэнкі здараецца, што ён прымае нечаканыя рашэньні. Наколькі я ведаю, на гэтую пасаду плянаваўся адзін з губэрнатараў. Гэта — моцныя адміністратары, якія да гэтай пасады больш падыходзяць.

Кабякоў — гэта другі эшалён беларускай ўлады. Першы — гэта Мясьніковіч, Шэйман, да пэўнай ступені Макей, хаця Макей таксама выйшаў з сакратароў.

У Кабякова ёсьць свае перавагі: ён чалавек адкрыты, ніколі не цураўся дыскусіі, езьдзіў да страйкоўцаў. Але цяжка сказаць, што ён уяўляе сабой новую зьяву ў атачэньні Лукашэнкі. Новае дыханьне ў жыцьцё адміністрацыі ён не ўнясе. Але і не пашкодзіць там моцна.

Першая думка, якая можа ўзьнікнуць — гэта «расейскі сьлед» — чалавек ідзе на адміністрацыю з пасады пасла ў Расеі. Але наколькі я мог тут, у Маскве, назіраць за дзейнасьцю Кабякова на пасадзе пасла, у яго былі ня надта цёплыя стасункі з расейскім кіраўніцтвам. Усе памятаюць яго як вельмі цьвердалобага перамоўніка. Пра гэта прыгадаў і Пуцін падчас нядаўняга візыту ў Менск.

Але тут іншая пасада. Кіраўнік адміністрацыі павінен мець «чорны пояс» у інтрыгах, асабліва на апошняй стадыі дэградацыі аўтарытарнага рэжыму. Думаю, што ў Аляксандра Рыгоравіча проста скончылася лава запасных.

РС: Наколькі для Расеі маюць значэньне глыбокія расейскія карані новага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі? Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў Маскве, скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Пытаньне тут нават ня столькі асабіста пра спадара Кабякова, а пра прынцып.

Суздальцаў: Я раскрыю страшную таямніцу. Часта наяўнасьць расейскіх каранёў у дзеячоў у «блізкім замежжы» адыгрывае нэгатыўную ролю. Масква да такіх ставіцца вельмі насьцярожана. Прыгадайце карані цяперашняга прэм’ер-міністра Ўкраіны. За 20 гадоў Масква пераканалася, што, скажам, этнічныя расейцы, якія жывуць у Прыбалтыцы і чагосьці там дамагліся, менш згаворлівыя і дамоваздольныя, чым карэнныя. Чалавек, якія мае расейскія карані, для Масквы беспэрспэктыўны. Уявіце сабе — прыходзіць новы прэзыдэнт Беларусі з расейскімі каранямі. Тады ён будзе ўвесь час пад ударам нацыяналістычных колаў, яму ўвесь час будуць прыгадваць гэта, і ён будзе слабы. Лепш рабіць стаўку на карэннага, нацыянальна-арыентаванага, зь якім, можа, будзе цяжка дамаўляцца, але калі дамовісься, ён будзе трымаць слова. Патрэбныя дамоваздольныя, а ня тыя, што маюць нейкія этнічныя асаблівасьці.

Да таго ж Расея — краіна шматнацыянальная, у Расеі гэтае пытаньне не стаіць так востра, у яе эліце — прадстаўнікі вялікай колькасьці нацый.

Так што наяўнасьць расейскіх каранёў у дзеячоў суседніх краін часта выклікае пытаньне — што ён там робіць, чаму не вярнуўся?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG