Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашкевічу за Бакіева могуць заплаціць 100 тысяч даляраў


Міхал Пашкевіч
Міхал Пашкевіч
Міхаіл Пашкевіч 17 жніўня на вуліцы Карла Маркса ў Менску зрабіў фотаздымкі Жаныбека Бакіева і людзей, якія яго суправаджалі. Выявілася, што брат былога прэзыдэнта Кіргізіі знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, шкодзе для жыцьця і здароўя, нацыянальных і міжнародных злачынствах. Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду за рэальнае садзеяньне ў вышуку і лоўлі гэтых злачынцаў у суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША.

Фотаздымкі, апублікаваныя Міхаілам Пашкевічам у фэйсбуку, выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных справаў Кіргізскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вэрбальную ноту «аб прыняцьці вычарпальных мер па больш хуткім затрыманьні грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кіргізскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаваньні, Міністэрства замежных справаў Кіргізстану з 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзеньня кансультацый.

Міхаіл Пашкевіч: «Гэта канфлікт нельга зьвязваць са мной. Калі людзі, якія знаходзяцца ў вышуку па чырвонай карце Інтэрпола спакойна перамяшчаюцца па Менску, мне падаецца, яны дакладна ведалі, што могуць трапіць у поле зроку любога чалавека. Гэта першае.
Жаныбек Бакіеў на вуліцы Карла Маркса, фота Міхаіла Пашкевіча
Жаныбек Бакіеў на вуліцы Карла Маркса, фота Міхаіла Пашкевіча

А па-другое, гэты фотаздымак ніяк не задумваўся як правакацыя. Мне ўвогуле падалося, што гэта Курманбэк Бакіеў (зрынуты прэзыдэнт Кіргізіі —- рэд.), гэты чалавек даўно атрымаў грамадзянства Беларусі. Адпаведна ён зьняты з вышуку Інтэрполу як той, хто атрымаў прытулак. Гэта быў проста фотаздымак для сяброў у фэйсбуку кшталту «Вось такія ў нас з вамі цяпер суседзі на Карла Маркса. Не Стэфан Эрыксан, а Курманбэк Бакіеў». Вось і ўвесь экспромт.

Пасьля аказалася, што гэта не Курманбэк, а ягоны брат Жныш. А пасьля ўжо МВД Кіргізстана ўстанавіла, што тыя людзі, якія былі разам з ім, знаходзяцца ў вышуку таксама. Можа, кіргізы і занадта жорсткі крок зрабілі, адклікаўшы амбасадара. Але атрымліваецца, што наш МУС, наш КДБ, выкарыстоўвае такія структуры як Інтэрпол выключна ў сваіх мэтах. Адпраўляе нашага міністра ў Ліён, каб пры нагодзе напалохаць Міхалевіча. А адказваць на запыты краіны, якая вышуквае былога дыктатара, яна ня лічыць патрэбным.

Тут пытаньне не да кіргізаў. Тут пытаньне да нашых уладаў: як яны ставяцца да гэтай сытуацыі. Яны цэлы тыдзень нічога не камэнтуюць. Яны нічога ня кажуць пра тое, што ў нашай краіне па цэнтры гораду ходзяць крымінальныя злачынцы, якія знаходзяцца ў вышуку.

Справа зайшла далёка. Ніхто ж ня ведаў, што для Кіргізстана яна будзе настолькі прыярытэтнай. Хаця яны выдатна ведалі, хто такі Лукашэнка і што такое Беларусь. Гэта ня я зрабіў скандал, а ўлады зрабілі скандал тым, што дазваляюць жыць у краіне такім людзям. Гэта іх «пракол». Вуліца была вольная, я не лазіў на прыватнае лецішча Бакіева ў Раўбічах.

Радыё Свабода: «Ці вы ведаеце пра ўзнагароду ў 100 тысяч даляраў, якую можаце атрымаць ад ураду Кіргізіі?»

Пашкевіч: «Ужо ведаю (сьмяецца). Усе сябры ў мяне пытаюцца, як я буду гэтыя грошы траціць. Але мне пакуль ніякага кейса з Кіргізіі не прывозілі. Зараз мы яшчэ даведаліся, што і тыя людзі, якія былі з Бакіевым на фотаздымку, таксама „каштуюць“ ад 20 да 50 тысяч даляраў. Я вам, па шчырасьці, скажу, да мяне наконт гэтых грошай ніхто не зьвяртаўся. Шчыра скажу, што дэмакратычная супольнасьць Беларусі не адмовілася б ад гэтых грошай, бо іх ёсьць куды ўкладваць. Пакуль гэта на ўзроўні жартаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG